Сёння, 13 чэрвеня, у судзе Пружанскага раёна распачаўся суд над 65-гадовай палітзняволенай актывісткай Аленай Гнаўк. Асуджаную па "справе карагодаў" цяпер судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за восенскія пасты ў Facebook і Instagram пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі. Цяпер жанчыне пагражае да шасці гадоў калоніі. Пад вартай Алена ўтрымліваецца ўжо пяць месяцаў.   У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня Алену Гнаўк асудзілі па "справе карагодаў"па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў "хатняй хіміі". Праз2,5 месяцы супраць яе распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта).

Алена Гнаўк. Фота: tut.by
Алена Гнаўк. Фота: tut.by

Затрыманні, крымінальныя справы, суды: пераслед Алены пасля падзей 2020 году

Згодна з абвінавачваннямі яна "знаходзячыся ў зале 201 "Дома правасуддзя", выказалася фразай, якая змяшчае негатыўную ацэнку і з'яўляецца абразлівай у адносінах да дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чым публічна абразіла яго". Як апісвае сітуацыю сама актывістка, на разглядзе "справы карагодаў", дзе яна выступала ў якасці абвінавачванай, яна сказала: "9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек..."

Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы стала заява аднаго з ахоўнікаў Ленінскага РАУС Брэста, які знаходзіўся на судзе. Па ч. 1 арт. 368 КК пенсіянеркусуд Ленінскага раёна Брэста 3 верасня прызначыў два гады "хатняй хіміі", а ўлічваючы яшчэ і пакаранне па "справе карагодаў", Алене сумарна прызначылі гады "хатняй хіміі". Сама Алена Гнаўк не прызнала віну на судзе. Актывістка здымала на відэа абвяшчэнне ўласнага прысуду, за гэта яе пасля заканчэння пасяджэння затрымалі.  За фота суддзі ў РУУСе на жанчыну склалі пратакол па арт. 25.1 КаАП (непавага да суду). У той жа вечар актывістку аштрафалі на 87 рублёў (3 базавых велічыні).

27 верасня ў Алены Гнаўк адбыўся ператрус. Ён праходзіў у межах справы аб пагрозах на адрас старэйшага пракурора брэсцкай гарадской пракуратуры — Міхаіла Булыгіна, які падтрымліваў дзяржабвінавачванне на апошнім судзе па справе супраць Алены. З тэхнікі канфіскавалі старэнькі ноўтбук, флешку і мабільны тэлефон. Алена праходзіла сведкай па справе, узбуджанай з-за выдаванне асабістых дадзеных пракурора ў телеграм-канал "ЧКБ Брэст і вобласць". 

26 снежня мінулага году Алену зноў затрымлівалі за "БЧБ-пікет" каля свайго дома — прычынай стаў фотаздымак жанчыны ў Instagram. Тры дні да суда жанчына правяла ў пружанскім ІЧУ. У выніку, яе аштрафавалі па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) да 50 базавых штрафу (1450 рублёў).

Але Алена працягнула актыўную дзейнасць.

У чым цяпер абвінавачваюць палітзняволеную актывістку?

11 студзеня 2022 года Алену затрымалі ў чарговы раз і арыштавалі на15 сутак за парушэнне рэжыму адбывання "хатняй хіміі" ў сувязі з апошнім затрыманнем у снежні. У пружанскім ІЧУ ёй забаранілі перадачы, чытаць і пісаць. У знак пратэсту Алена абвясціла галадоўку. 

З "сутак" пенсіянерку не выпусцілі — супраць яе ўзбудзілі дзве крымінальныя справы па арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Згодна з матэрыяламі справы Гнаўк 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram «загадзя ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

На пачатку сакавіка Алена была пераведзеная з баранавіцкага СІЗА-6 у СІЗА-1, адтуль — у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Пасля яе ізноў перавялі ў СІЗА-6, перад судом — у Пружанскі ІЧУ.

Напачатку траўня Алена Гнаўк абвяшчала галадоўку за кратамі. Яна патрабавала, каб лісты, якія яна напісала, дахадзілі адрасатам. Алена трымала галадоўку больш за тыдзень і дамаглася таго, каб ёй пачалі аддаваць лісты.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Падтрымайце Алену:

ІЧУ АУС Пружанскага райвыканкама, 225133, Брэсцкая вобласць, г. Пружаны, вул. Савецкая, 36, Алена Пятроўна Гнаўк

Крыніца: У Пружанах за пасты ў сацсетках пра мігрантаў судзяць актывістку Алену Гнаўк