У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Генпракуратура ініцыюе спыненне дзейнасці незалежных прафсаюзаў
Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь накіраваў у Вярхоўны Суд заявы аб спыненні дзейнасці Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў, Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».
Крымінальная справа “аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” перададзена ў суд
Генпракуратура паведаміла, што справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» накіравалі ў суд. Фігурантамі па справе праходзяць Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.
Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэксва (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук — па ч.1 арт.342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Рамуальда Улана выклікалі на допыт па новай справе
Палізняволенага Рамуальда Улана, які адбывае пакаранне на "хіміі" у Гомелі, сёння выклікаюць на допыт па новай справе. Акалічнасці справы пакуль невядомыя.
Былы заснавальнік і выдавец "Новай газеты Смаргоні" у студзені 2021 года быў асуджаны на 2,5 абмежавання волі. Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў.
Пацярпелымі па справе праходзяць сямёра супрацоўнікаў Смаргонскага райаддзела міліцыі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Знішчэнне незалежных прафсаюзаў і новыя краміналкі для палітвязняў: хроніка пераследу 10 чэрвеня