У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У спісе экстрэмістаў – "Беларуская Рада культуры"

У спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў уключаная "Беларуская Рада культуры", сайт арганізацыі, яе сацыяльныя сеткі, а таксама ініцыятывы па стварэнню Рэсурснага цэнтру беларускай культуры, Інстытуту прамоцыі Беларусі і культурніцкага Сойму. З прапановай выступіла Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

"Беларуская Рада культуры" створаная ў кастрычніку 2020 года як Беларускі фонд культурнай салідарнасці, у пачатку 2021 года ператварылася ў Беларускую Раду культуры (БРК).

Рада ініцыюе і праводзіць глабальныя міжнародныя кампаніі пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Каардынацыйнага Савета, іншых грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Ад часу заснавання інстытуцыю падтрымліваюць ключавыя фігуры беларускай культуры і прадстаўнікі дыяспары, да імпрэзаў і акцый БРК далучаюцца і замежныя артысты і арт-актывісты.

Заснавальнік і кіраўнік Беларускай Рады культуры — Сяргей Будкін.

Перавялі з "хатняй хіміі" ў калонію хлопца, асуджанага за кактэйль Молатава

Елісей Кузняцоў у жніўні 2020 года быў 16-гадовым хлопцам, які вучыўся ў школе ў Жабінцы. 11 жніўня 2020 у горадзе падчас акцыі пратэсту адбыўся інцыдэнт: хтосьці кінуў у міліцэйскую машыну "кактэйль Молатава" — але ніхто не пацярпеў, а шкода аўтамабілю была толькі" ў выглядзе сажы", якую змылі пасля першай жа мыйкі.

За гэты інцыдэнт асудзілі Елісея да 2.5 года абмежавання волі. 

Зараз стала вядома, што Кузняцова 20 сакавіка 2022 арыштавалі, а цяпер хлопец ужо знаходзіцца ў калоніі.

Прызначаная дата новага суда над палітзняволенай

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу, якая адбывае пакаранне ў калоніі № 4 ў Гомелі, 13 чэрвеня пачнуць судзіць зноў – за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі”.

Справу будзе разглядаць суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля, суддзя – Мальцаў Сяргей Мікалаевіч. Верагодна, суд будзе праходзіць у выяздным пасяджэнні ў калоніі, піша "Гомельская вясна".

Новая крымінальная справа супраць 40-гадовай Вікторыі Кульшы была ўзбуджана ў канцы сакавіка. Вікторыю абвінавацілі па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе: хроніка пераследу 8 чэрвеня