У Магілёўскім абласным судзе на 8 чэрвеня прызначаны разгляд крымінальнай справы фрылансера "Радыё Свабода", палітвязня Андрэя Кузнечыка. Яго абвінавчваюць у “стварэнні экстрэмісцкага фарміравання” (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Справу будзе разглядаць суддзя Ігар Шведаў.
Андрэй Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада 2021 года. У ягонай кватэры адбыўся ператрус. Пасля затрымання фрылансера сілавікі ненадоўга здолелі захапіць кантроль над тэлеграм-каналам "Радыё Свабода". На наступны дзень Андрэя Кузнечыка асудзілі судом Заводскога раёну Мінска на 10 сутак, аднак 5 снежня на волю не выйшаў і быў зноў асуджаны тым жа судом на 10 сутак. Але і 15 снежня яго не вызвалілі.
23 снежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але інфармацыі, па якім артыкуле была распачата крымінальная справа, не паведамлялася. Кузнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
У сярэдзіне траўня 2022 года стала вядома, што Андрэя перавялі з СІЗА-1 у магілёўскую турму.
Андрэю Кузнечыку 43 гады, нарадзіўся ў Віцебску, навучаўся спачатку ў Ліцэі БДУ, потым скончыў філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру. Працаваў у "Камсамольской праўдзе", "Нашай Ніве", супрацоўнічаў з Радыё Свабода.
Крыніца: У Магілёве пачынаецца суд над палітвязнем Андрэем Кузнечыкам