Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 2 чэрвеня вынес прысуд па крымінальнай справе Аляксея Іванчыкава, якога абвінавацілі ў гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).
Іванчыкава затрымалі 27 лютага 2022 года, калі беларускія ўлады праводзілі рэферэндум па змяненнях у Канстытуцыю. На выхадзе з участка для галасавання, які знаходзіўся ў будынку школы, да Аляксея падыйшлі некалькі міліцыянтаў у цывільным, ён спрабаваў ад іх збегчы, а пры затрыманні схапіўся за форменнае абмундзіраванне і нібыта адраваў гузік.
На другі дзень яго адміністрацыйна арыштавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, за акцыю, праведзеную на выбарчым участку, супраць уварвання расійскіх войск ва Украіну.
Пасля адміністрацыйнага арышту Іванчыкаў не быў выпушчаны на волю – яго затрымалі па крымінальнай справе па артыкуле 364 і змясцілі да суда ў СІЗА № 3 ў Гомелі, піша "Гомельская Вясна".
Вядома таксама што Аляксея Іванчыкава затрымлівалі ў Гомелі 18 кастрычніка 2020 года на нядзельным маршы пратэсту супраць абвешчаных уладамі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Суд пастанавіў прызнаць Іванчыкава вінаватым і прысудзіў яго да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два з паловай гады.
Крыніца: У Гомелі за “гвалт” над супрацоўнікам міліцыі пад час рэферэндуму асуджаны мясцовы жыхар