У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2-3 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жанчыну, якая напісала ліст-пратэст супраць вайны, пачнуць судзіць 15 чэрвеня
15 чэрвеня ў маларыцкім судзе распачнецца суд над палітзняволенай Людмілай Рамановіч. Суддзёй выступіць Таццяна Наўмовіч. Працэс будзе праходзіць у адкрытым рэжыме.
Нагадаем, што актывістку затрымалі 4 красавіка, а потым змясцілі ў брэсцкае СІЗА. Людмілу абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі з-за ліста, які жанчына даслала ў Следчы камітэт.
Напачатку сакавіка Рамановіч звярнулася з лістом-пратэстам на сайт Адміністрацыі Лукашэнкі. Жанчына выказала пратэст супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.
КДБ скончыў папярэдняе расследаванне крымінальнай справы "аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады"
Юры Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
Палітзняволеныя Аляксандар Фядута і Рыгор Кастусёў — па ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук — па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Прызначаная дату суда над Уладзімірам Мацкевічам
Суд над Уладзімірам Мацкевічам пачнецца 9 чэрвеня. Працэс пройдзе ў Мінскім гарадскім судзе.
Мацкевіча абвінавачваюць: ва “ўдзеле ў масавых беспарадках”, “стварэнні і ўпраўленні экстрэмісцкім фарміраваннем” (маецца на ўвазе платформа "Сход"), “абразе Лукашэнкі” ў відэа, апублікаваным на YouTube 7 траўня 2021 года.
Палітвязень ужо 10 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА г. Мінска.
Жыхар Віцебска скапіяваў з сістэмы дадзеныя амаль 1,5 мільёнаў беларусаў і скінуў іх "экстрэмістам"
Следчы камітэт паведамляе што 35-гадовы работнік разлікова-касавага цэнтру ў Віцебску размяшчаў у "экстрэмісцкіх" Telegram-каналах інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных праваахоўнікаў, службовых асоб і іх сваякоў, адміністраваў "экстрэмісцкі" Telegram-канал, а таксама нібыта заклікаў да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках.
Яму прад'яўлена абвінавачанне па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: ч.3 арт.203-1, ч.2 арт.342, ч.1 арт.368, арт.369, ч.1 арт.361-1, ч.3 арт.293. Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Яўгена Мерунко, асуджанага за "знявагу прэзідэнта", адпраўляюць у Мінск
Там ён будзе з 5 чэрвеня адбываць пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 55.
52-гадовы жыхар Гомеля, ураджэнец Светлагорска Яўгеній Мерунко быў затрыманы 8 снежня 2021 г. і абвінавачаны па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса – «Знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (у сацыяльных сетках). Гэта караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 год, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да 4 год, або пазбаўленнем волі на той самы тэрмін.
1 сакавіка 2022 г. суд Навабеліцкага раёна г. Гомеля прыгаварыў Я. Мерунко да 2 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ).
Інфармацыя дапаўняецца
Крыніца: Прызначаная дата суда над Уладзімірам Мацкевічам, новыя "экстрэмісты": хроніка пераследу 2-3 траўня