Яна і Таццяна Барысовіч. У судзе Заводскага раёна Мінска 1 чэрвеня вынесены прысуд  палітзняволеным сёстрам Яне і Таццяне Барысовіч. Дзяўчат абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Алег Каляда.

Да суда дзяўчыны ўтрымліваліся ў СІЗА №1 Мінска.

Студэнткі Яна Барысовіч разам з сястрой Таццянай Барысовіч былі затрыманыя 22 лютага 2022 года, калі ў кватэру, дзе яна жыла з маці і сястрой, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з ператрусам.

Яна Барысовіч – студэнтка біялагічнага факультэта МДУ, Таццяна Барысовіч навучаецца ў музычным каледжы.

Вядома, што іх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў адной з акцый пратэсту, якія адбываліся ў Мінску пасля выбараў 2020 года.

Суд прызнаў абедзвюх вінаватымі і прысудзіў Таццяну Барысовіч да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму, Яну Барысовіч да абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тэрмінам на два з паловай гады.

Крыніца: Сясцёр у Мінску за ўдзел у акцыі пратэсту 2020 года асудзілі да калоніі і "хіміі"