Акцыя насупраць амбасады Беларусі ў Вільні, 21 траўня 2022 г. У Вільні 21 траўня адбылася акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі. Праваабаронцы “Вясны” прынеслі на яе выяву трохмятровага чалавека, складзенага з жоўтых бірак “экстрыміста” з імёнамі 1204 палітвязняў, што ў дадзены момант утрымліваюцца за кратамі.

Напачатку акцыі хор “Беларускі цуд” заспяваў “Пагоню” і “Ляцела куля цераз гару”. Пасля гэтага слова ўзяла прадстаўніца “Вясны” Дзіяна Пінчук, якая адзначыла:

“Сёння 21 траўня. Год таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітзняволены Вітольд Ашурак. Ён застанецца вечным палітвязнем з жоўтай біркай. Вітольд у лістах абяцаў маме хутка вярнуцца дадому. Ён вярнуўся, але ў труне. Крымінальная справа па факту смерці Вітольда дагэтуль не ўзбуджаная, абставіны, пры якіх сапраўды памёр палітвязень у калоніі дагэтуль застаюцца невысветленымі. А маці Вітольда, якой нядаўна споўнілася 84 гады, працягвае чакаць.

Гэтак жа чакаюць 1204 палітзняволеных на волі іх бацькі, сваякі, сябры, каханыя. Яны да гэтага часу вераць, што іх блізкія хутка вернуцца дадому”.

den_palitviaznia_vi24.jpg
Праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук. Фота: spring96.org

Праваабаронца распавяла, што жоўтыя біркі выкарыстоўваюцца за кратамі для меткі “палітычных”, якія аўтыматычна трапляюць на прафілактычны ўлік як “схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці”, праз што ім надаецца асаблівая ўвага і больш жорсткае стаўленне.

“У гэтым вялічэзным чалавеку-палітвязне, які сёння таксама “прыйшоў” на акцыю, кожны можа пазнаць свайго сябра, суседа, знаёмага, калегу, вядомага палітыка, актывіста, праваабаронцу і журналіста. Наша з вамі Радзіма ператварылася ў краіну палітвязняў, а ўсе іншадумцы і нязгодныя — ў “схільных да экстрэмізму”.

Праваабаронцы «Вясны» абвясцілі 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі, каб аддаць даніну памяці загінуламу ў калоніі Вітольду Ашурку.

Сёння праваабаронцы яшчэ раз хочуць нагадаць пра тое, як важна падтрымліваць палітвязняў за кратамі і рабіць усё магчымае для іх хутчэйшага вызвалення. Мы хочам прыцягнуць увагу беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці на тое, што на фоне вайны ва Украіне, працягваюцца масштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Яны не спыняюцца ні на дзень. «Вызваліце палітычных зняволеных!» - мы будзем паўтараць і патрабаваць гэта кожны дзень, пакуль хоць адзін палітвязень застаецца за кратамі.

Мы з вамі голас палітвязняў. Гаварыце ім і пра іх. Я хачу скончыць гэтую прамову словамі Вітольда: “Не трэба ўпадаць у адчай, рабіць сваю справу – і мы пераможам!”

Праваабаронца "Вясны Дар'я Рублеўская распавяла, як пачыналася ініцыятыва "Майстэрня паштовак салідарнасці" і чаму вельмі важна пісаць лісты за краты. 

den_palitviaznia_vi22.jpg
Праваабаронца "Вясны" Дар'я Рублеўская. Фота: spring96.org

Слова ўзялі і былыя палітвязні Дзмітрый Фурманаў, Вікторыя Лысковіч і Андрэй Шарэнда.

den_palitviaznia_vi17.jpg
Былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org
den_palitviaznia_vi16.jpg
Былая палітзняволеная Вікторыя Лысковіч. Фота: spring96.org
den_palitviaznia_vi18.jpg
Былы палітвязень Андрэй Шарэнда. Фота: spring96.org

Пасля адбылася хвіліна маўчання ў памяць Вітольду Ашурку і запальванне знічак. А хор праспяваў “Муры”.

Больш фота:

"Ён застанецца вечным палітвязнем з жоўтай біркай". Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў ВільніДзеня палітвязня ў Беларусі: акцыя ў Вільні

Крыніца: "Ён застанецца вечным палітвязнем з жоўтай біркай". Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Вільні Фота