У гродзенскай турме 19 траўня працягваецца суд над дванаццаццю фігурантамі «справы Аўтуховіча», восемь з іх — палітвязні. Па хадайніцтву дзяржабвінавачвання Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Гундара, якіх учора выдалілі з залы суда за «парушэнне парадку», сёння вярнулі на судовы працэс. У судзе пачалі зачытваць абвінавачванне. Агулам усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, вінавацяць па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса. «Вясна» распавядае, як праходзіць другі дзень суда па «справе Аўтуховіча». Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымліваюць намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Суд адкрыты, але сваякоў на працэс не пускаюць. На першае пасяджэнне трапілі блізкія толькі двух абвінавачаных. Пры гэтым на судзе прысутнічае шмат прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.
Што вядома па справе?
У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча»
«Вясна» распавядае, што вядома пра справу і як праходзіць суд.
Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы складаюць больш за 65 тамоў. На лаве падсудных знаходзяцца Мікалай Аўтуховіч, святар Сяргей Рэзановіч, ягоная жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава. Яшчэ адзін з меркаваных удзельнікаў — Артур Папок — на дадзены час знаходзіцца ў вышуку.
Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя сябры злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.
Галоўны фігурант крымінальнай справы — Аўтуховіч. Яго абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, шэсць з іх — за асабліва цяжкія злачынствы. Але, па словах юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі, смяротнае пакаранне Мікалаю прысудзіць не могуць, бо ад яго дзеянняў ніхто не загінуў.
Мікалая Аўтуховіча і Любоў Рэзановіч падчас суда ўтрымліваюць як«асабліва небяспечных» у асобных клетках — «стаканах». На першымпасяджэнні з залы суда за «парушэнне парадку» выдалілі Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Гундара. Перад гэтым яны паспелі заявіць адвод Філатаву, але ён адмовіў у адводзе, бо для гэтага «няма падстаў». 18 траўня падчас судовага працэса суд паспеў толькі высвятліць асобы абвінавачаных і разглядзець хадайніцтвы.
Палітзняволены Антон Мельхер на судзе адмовіўся ад адваката і заявіў, што будзе абараняць сябе сам. Таксама паведамляецца, што яго абвінавачваюць толькі па адным артыкуле — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх). Але першапачаткова яго затрымлівалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (Акт тэрарызму).
Як праходзіць другое пасяджэнне па справе?
19 траўня Гродзенскі абласны суд працягнуў разгляд крымінальнай справы. Супрацоўніца дзяржаўнага выдання «СБ. Беларусь сегодня», якая прысутнічае на судзе, піша ў сваім тэлеграм-канале, што намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка хадайнічала аб тым, каб вярнуць Аўтуховіча і Гундара на судовы працэс. Філатаў задаволіў хадайніцтва.
Вядома, што суддзя пачаў зачытваць абвінавачванне Мікалаю Аўтуховічу.
Будзе дапаўняцца.
Крыніца: Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе