18 траўня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Раніцай КДБ затрымаў дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых
Таксама затрыманая бухгалтарка выдання Юлія Кахно. З галоўным рэдактарам «БіР» Андрэем Александровічам няма сувязі, піша «Еўрарадыё».
Па словах жонкі Залатых, яму інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі — «Распальванне нацыянальнай варажнечы». У яго канфіскаваныя ноўтбук і сродкі сувязі. Прыкладна гадзіну таму дырэктар «Беларусаў і рынку» ў суправаджэнні траіх следчых зайшоў у рэдакцыю выдання.
Наша Ніва: у Беларусі забаранілі прадаваць раман Оруэла «1984»
Копію адпаведнага распараджэння мае «Наша ніва».
«Зняць з продажу ўсе варыянты кнігі Оруэл Д. «1984». Пра выкананне далажыць не пазней за 19 мая», — гаворыцца ў распараджэнні.
«СБ» піша, што кнігу «Сабакі Еўропы» беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам»
Аўтар напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Бахарэвіч даведаўся пра гэта з артыкула ў "СБ".
“Ну нарэшце. Бальшое спасіба, "Савецкая Беларусія". Цяпер маем інфармацыю з правераных крыніц, ёсьць на што спасылацца. Так што ад сёньня я афіцыйна прызнаны аўтар экстрэмісцкага рамана”, — пракаментаваў навіну пісьменнік.
Адзначым, што ў Рэспубліканскім Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» няма.
На заснавальніка BYSOL Андрэя Стрыжака завялі чарговую справу
Пракуратура паведамляе, што ў дачыненні да Стрыжака дадаткова распачата крымінальная справа па ч.2 арт.361-3 Крымінальнага кодэкса за фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяннях.
Па дадзеных следства, праз сацыяльныя сеткі Стрыжак «сумесна з іншымі асобамі займаўся дзейнасцю, звязанай з вярбоўкай, навучаннем, іншай падрыхтоўкай і фінансаваннем грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ў далейшым накіроўваліся для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе ўзброеных фармаванняў і нацыяналістычных батальёнаў названай дзяржавы».
У Мінску быў затрыманы 19-гадовы Андрэй Раптуновіч
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён нібыта збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага.
Крыніца: Затрыманні, новыя экстрэмісцкія матэрыялы: хроніка пераследу 18 траўня