Яўген Блахінскі, Скрыншот з відэа. У Гарадзенскім абласным судзе 10 траўня працягваецца разгляд крымінальнай справы Яўгена Блахінскага, абвінавачанага па шэрагу крымінальных артыкулаў. Першае пасяджэнне прайшло 4 траўня.

Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі.

Яўгена затрымалі 18 студзеня 2022 года і змясцілі пад варту ў турму №1 Гародні.

17 студзеня Блахінскі вярнуўся ў Гродна з Германіі, а ўжо на другі дзень яго затрымалі сілавікі. Да гэтага Яўген працаваў будаўніком у Нідэрландах. На камеру сілавікам Яўген сказаў, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у чатах, прызнаных экстрэмісцкімі, дзе заклікаў «да масавых беспарадкаў, забойстваў міліцыіі, спальванню “Табакерак“. У пакаяльным відэа былі паказаныя польская "карта побыту", скрыншоты перапісак з чатаў. На камеру ён папрасіў прабачэння і сказаў, што гатовы панесці пакаранне.

Блахінскага абвінавачваюць па чатырох артыкулах:

у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса);

масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса);

абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса);

распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

Раней Генпракуратура паведамляла, што згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны з чэрвеня па кастрычнік 2020 года размяшчаў праз падлучаныя да сеткі Інтэрнэт прылады ў дэструктыўным Telegram-канале публікацыі, у якіх падбухторваў да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, вайскоўцаў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў адміністрацый гарадоў, сродкаў масавай інфармацыі.

У чэрвені-жніўні 2020 года абвінавачаны тым жа спосабам размяшчаў паведамленні, у якіх заклікаў людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем адміністрацыйных будынкаў, папраўчых устаноў, а таксама да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.

Акрамя таго, абвінавачаны ў названы перыяд размяшчаў у сетцы інтэрнэт публікацыі з абразамі ў адрас прэзідэнта Беларусі.

Інфармацыя будзе дапоўнена.

Крыніца: Гарадзенца судзяць за заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках, абразе прэзідэнта і распальванні варожасці