У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пачаўся наступ на незалежны прафсаюзны рух, вядома пра затрыманне двух дзесяткаў актывістаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 28 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота Радыё Свабода

Ірыне Леўшынай падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 5 траўня

4 красавіка Генпракуратура паведаміла аб перадачы ў суд справы палітзняволенай Ірыны Леўшынай, яе папярэдніка на пасадзе дырэктара БелаПАН Дзмітрыя Наважылава, а таксама медыяменеджара, намесніка дырэктара БелаПАН у 2014–2018 гадах Андрэя Аляксандрава і ягонай дзяўчыны Ірыны Злобінай.

Прызначаная дата суда над Вячаславам Малейчуком

Праз тыдзень пачнуць судзіць Вячаслава Малейчука, затрыманага за «падрыхтоўку тэрактаў на Дзень Волі 2021 году ў Мінсках і Печах»

Крымінальную справу супраць 36-гадовага жыхара Пінскага раёна Вячаслава Малейчука пачнуць разглядаць 6 траўня ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Яго абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў: ч. 1 і 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанне гаручых рэчываў).

Справу будзе разглядаць суддзя Уладзімір Арэшка.

26 сакавіка 2021 года МУС заявіла, што прадухіліла тэракты ў Чыжоўцы і ў вайсковай частцы ў Печах. На відэа паказалі  Малейчука, які казаў, што атрымаў загад ад кагосьці з «Байпола». Са словаў Вячаслава на відэа вынікае, што ў яго быў саўдзельнік Яўген, але судзіць будуць аднаго Малейчука

Пасля затрымання КДБ унёс Вячаслава ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Суд над экс-кіраўніком «Аховы птушак бацькаўшчыны» адбудзецца 6 траўня

Палітзняволенага экс-кіраўніка «Аховы птушак бацькаўшчыны» Віктара Фянчука пачнуць судзіць 6 траўня ў 11:30. Справу будзе весці суддзя Маскоўскага раёна Алена Мурашка.

Нядаўна Следчы камітэт паведаміў, што Віктара абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук блакаваў рух транспарта на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім».

Фянчука затрымалі пасля вобшуку ў мінскім офісе арганізацыі 31 жніўня. Адразу яго пакаралі «суткамі» па адміністрацыйнай справе, а потым прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК. 19 сакавіка Вярхоўны суд ліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» за «экстрэмісцкую дзейнасць».

Падтрымайце Віктара: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Віктару Аляксандравічу Фянчуку.

Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналаў «Брестский чат конструктивных изменений» і «Нет заводу АКБ в Бресте» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Брэста 21 красавіка.

Затрыманая дачка беларускага пісьменніка

У Мінску 26 красавіка затрыманая 26-гадовая Сафія Скобла. Акалічнасці і прычына затрымання пакуль невядомыя.

Сафія – дачка вядомага беларускага пісьменніка і журналіста Міхася Скоблы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя суды над палітвязнямі і новыя затрыманні: хроніка пераследу 28 красавіка