У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 26і 27 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі барысаўскага таксіста, які адмовіўся везці расійскага вайскоўца

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Барысаве таксіста, які раней адмовіўся везці расійскага вайскоўца з каментаром: «пакуль не выведуць войскі, мы вас не возім».

Кіроўцу інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — нібыта за тое, што ён адпраўляў тэлеграм-каналам відэа перасоўванняў вайсковай тэхнікі.

На Уладзіслава Плюшчава, гітарыста Pomidor/off, завялі крымінальную справу па арт. 188 КК (паклёп) 

Уладзіслаў Плюшчаў
Уладзіслаў Плюшчаў

Уладзіслава затрымалі 12 красавіка і асудзілі на 25 сутак адміністратыўнага арышту. Цяпер з'явілася інфармацыя і пра крымінальны артыкул, паведамляе @by_culture

У Мінску затрыманыя навучэнкі каледжа за відэа ў Tik-Tok

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі трох навучэнак Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа. Адна з іх затрыманая за размяшчэнне відэаролікаў у Tik-Tok з акцый пратэсту. Паведамляецца, што затрыманыя таксама яе сяброўкі, якія патрапілі на відэа.

Телеграм-канал «ГУБОП» апублікаваў «пакаяльнае відэа» з імі.

«У мяне ёсць акаўнт у Tik-Tok, куды я запампавала два відэаролікі апазіцыйнага характару. На дадзены момант за дадзеныя ролікі я затрыманая супрацоўнікамі міліцыі», —кажа аўтарка на відэа, у якой 1759 падпісчыкаў у Tik-Tok.

На дадзены момант у акаўнце дзяўчыны не знойдзена «відэаролікаў апазіцыйнага характару». Верагодна, яна выдаленыя.

«ГУБОП» піша, што «яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе». Паведамляецца, што яны вызваленыя.

За значок з Пагоняй суд у Пінску аштрафаваў праваабаронцу Алеся Рамановіча на 3 840 рублёў

Алесь Рамановіч. Фота: svaboda.org

Справа разглядалася па ч. 3 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

«Я прынёс на суд скрыншоты, ксеракопіі, якія пацвярджалі, што герб Пагоня — гісторыка-культурная каштоўнасць. А ў адказ суддзя запыталася: «А вы ведалі, што Пагоня выкарыстоўваецца як сімвал пратэсту?» — распавёў @pozirkonline Рамановіч.

Паводле слоў праваабаронцы, ён плануе абскардзіць штраф.

Рамановіч заяўляў пра катаванні ў пінскім ІЧУ адсутнасцю сна, холадам і адсутнасцю належных санітарных умоваў.

У БДТУ падчас заняткаў затрымалі выкладчыка

«Салідарны БДТУ» піша, што нядаўна ў БДТУ быў затрыманы выкладчык з кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу — Жук Зміцер Аляксандравіч.

На дадзены момант вядома, што АМАП яго затрымаў ва ўніверсітэце падчас пары нібыта за "фінансаванне тэрарызму".

Жыхароў Ліды, якіх раней затрымлівалі за «палітыку», выклікаюць на размову ў КДБ. Асаблівая цікавасць да тых, хто выязджаў за мяжу

У тых, хто быў за мяжой у 2020-2021 годзе, супрацоўнікі КДБ пыталі пра мэту выезду і ці не падыходзілі там да іх падазроныя асобы і не праводзілі дзіўныя гутаркі. Таксама пыталіся:

Наталлі Дулінай далі чарговыя суткі

Наталля Дуліна.

Як стала вядома "Нашай Ніве", экс-дацэнтку МДЛУ арыштавалі на 15 сутак. Сёння прайшоў суд па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці). Яе затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўвечары 25 сакавіка.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 26 і 27 красавіка