26 красавіка сваё 26-годдзе адзначае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Менавіта ў гэты дзень пасля сілавога разгону Чарнобыльскага Шляху ў 1996 годзе неабыякавыя актывісты аб’ядналіся, каб дамагаць затрыманым і іх сем’ям.
З той пары “Вясна” стала адной з вядучых праваабарончых арганізацый у Беларусі, дзейнасць якой была накіраваная на дапамогу пацярпелым ад уладаў і абарону правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўні. За гэтыя 26 год “Вясна” вырасла колькасна і якасна і працягвае адстойваць правы беларусаў, нягледзячы на жорскія рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму.
Як стваралася “Вясна”. Успаміны Алеся Бяляцкага
За сваю мірную і выключна праваабарончую дзейнасць цяпер за кратамі знаходзіцца сем сябраў арганізацыі: старшыня Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.
Святлана Ціханоўская падзякавала праваабаронцам “Вясны” за іх працу:
“Мы так прызвычаіліся да “Вясна”, якая заўсёды побач, што часам забываемся дзякаваць ім за такую важную і складаную працу. Давайце зробім гэта сёння. Дзякую вам, родныя, вы робіце вельмі, вельмі важную для ўсіх нас працу”, - напісала яна ў тэлеграм-канале.
Таксама падзяку за працу “Вясне” выказалі і простыя беларусы ў рэпартажы Беларускага радыё Рацыя:
– “Вясна” мне вельмі дапамагла ў свой час, і я вельмі ўдзячны.
– Прыйшлі да мяне сябры “Вясна”, яны падтрымлівалі ўвесь час пакуль Вадзім 6 месяцаў сядзеў у турме. На судзе таксама.
– Гэта адзіная арганізацыя, якая, скажам так, увесь гэты час дапамагала ўнутры Беларусі нашым сябрам.
Беларусы ўдзячныя „Вясне”
Тым часам “Вольныя паштоўкі” да 26-годдзя “Вясны” выпусцілі новы набор паштовак з малюнкамі палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай.
“Ужо 26 гадоў прадстаўнікі «Вясны» падтрымліваюць беларусаў, якія церпяць за сваю грамадскую пазіцыю. Дзякуючы праваабаронцам, беларусы не застаюцца сам-насам з рэпрэсіўным апаратам, а злачынствы рэжыма становяцца вядомымі ўсяму свету”, - адзначаюць у ініцыятыве.
Паштоўкі можна набыць і даслаць палітвязням. Для гэтага трэба зрабіць данат ад 5 еўра і болей, даслаць чэк ініцыятыве і пакінуць адваротны адрас. “Вольныя паштоўкі” абяцаюць адправіць паштоўкі з малюнкамі Марфы ў любую кропку свету.
Мы запусцілі віртуальную дошку, дзе можна пакінуць пажаданні да словы падтрымкі для нашых зняволеных калегаў і для сябраў “Вясны” агулам. Далучайцеся да віншаванняў!
Вясна заўсёды побач!
Крыніца: 26-годдзю “Вясны” прысвячаецца!