У Мінскім гарадскім судзе сёння распачынаецца суд над адразу дзесяцьмі палітзняволенымі — каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранецам, Андрэем Марачом, Данілам Чулем. Агулам, у гэтай справе фігуруе 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы крымінальнай справы складаюць 160 тамоў. Разглядаць гэтую гучную справу прызначылі суддзю Сяргея Хрыпача. «Вясна» распавядае, што вядома пра справу і яе фігурантаў.

Што вядома па справе?

ПалітвязняўМарфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянка, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранеца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах — "Революционное действие", "Народная самооборона", "Революцiйна дiя",  і судзяць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.

Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы «Революционное действие / Народная самооборона / Революцiйна дiя» МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 2 лістапада 2021 года — толькі пасля 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяцярых фігурантаў справы. Але, негледзячы на гэта, некаторыя з іх абвінавачваюцца ў стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК).

Трох палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрага "арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі".

“Для супрацьпраўнай дзейнасці фарміраваліся "общаки", была створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, шукалі асобаў з дапамогай сацсетак, якія адмініструюцца імі экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў”, — заявіў СК.

У выніку, дзесяць палітзняволеных у залежнасці ад ролі і эпізодаў агулам абвінавачваюцца па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

Па інфармацыі Аляксандра Казлянкі, па справе з дзесяці чалавек — восем адмовіліся даваць паказанні.

У асобную вытворчасць вылучана крымінальная справа ў дачыненні тых, хто з’ехаў за мяжу – Дзмітрыя ЛяўчукаАртура КандратовічаРамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама «неўстаноўленых асобаў».

Збіццё, пагрозы і доўгае ўтрыманне пад вартай

Як раней распавядала «Вясне» маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, пасля затрымання ў дачыненні да яе сына ўжываліся катаванні. Гэтую інфармацыю яна даведалася ад сукамерніка Аляксандра з СІЗА-1. Ён перадаў, што Аляксандра збівалі ў КДБ, білі электрашокерам у вобласць пахвіны, пры гэтым патрабавалі прызнаць віну. У прысутнасці яго таксама быў моцна збіты затрыманы з ім яшчэ адзін фігурант гэтай справы Акіхіра Гаеўскі-Ханада. Таксама супрацоўнікі КДБ пазней прыходзілі ў камеру, дзе сядзіць Аляксандр, і зноў праз пагрозы і запалохванні патрабавалі падпісаць прызнанне віны, чаго той не зрабіў.

Пра збіццё, пагрозы і жорскае абыходжанне распавёў з СІЗА-1 яшчэ адзін фігурант справы, якога затрымалі 2 сакавіка мінулага году, – Аляксандр Казлянка:

«2 сакавіка каля 8 раніцы мяне затрымалі дома брэсцкі АМАП і мінскі ГУБАЗіК. Мяне даставілі ў брэсцкі аддзел ГУБЗіКа, дзе прыкавалі ў дзяжурным памяшканні да кратаў, задраўшы рукі за спіной у стаячым становішчы. Каб стаяць у больш менш зручнай позе, даводзілася падымацца на кукішкі. У такім становішчы прастаяў каля гадзіны і адзін раз амаль страціў прытомнасць. Затым падышоў адзін з мінскага ГУБЗіКа і сказаў, што калі я не дам паролі ад ноўтбука і тэлеграма, то мяне будзе катаваць, як Мікалая Дзядка. Я падумаў, што не гатовы да катаванняў з-за гэтых пароляў і пагадзіўся іх даць (потым яшчэ даў пароль ад кнопкавага тэлефона).

Увогуле ў брэсцкім ГУБАЗіКу прабыў паўтары гадзіны. Затым мяне завялі ў бус і пасадзілі на падлогу, рукі былі ў кайданках за спіной. У гэты ж бус завялі і гэтак жа пасадзілі Андрэя Марача і трох невядомых мне людзей. Нас пецярых павезлі ў Мінск у Следчы камітэт (у агульнай складанасці ў мяне рукі за спіной у кайданках былі гадзін 7, а потым я месяц вялікі палец левай рукі не адчуваў).

Як толькі перад СК мяне вывелі з буса, кіраўнік следчай групы Цыбульскі І. А. пачаў пагражаць, што калі я не пайду на супрацоўніцтва са следствам, то паеду ў лагер на сем гадоў. Я адмовіўся супрацоўнічаць. У прыбіральні СК два [супрацоўнікі] ГУБЗіКі знялі мяне на відэа. Я адмовіўся называць на відэа свае дадзеныя і казаць пра сябе, з-за чаго адзін з іх ударыў мяне кулаком у грудзі. Я для сябе вырашыў, што не буду на камеру нічога казаць, нават калі будуць катаваць. Мне трохі пагразілі, але больш не білі, хоць я так нічога і не сказаў».

Каардынатарка Валанцёрскай Службы «Вясны» утрымліваецца за кратамі пад следствам ужо адзін год і сем месяцаў — за гэты час у яе сур’ёзна пагоршылася здароўе. Яна як мінімум двойчы страчвала прытомнасць (у чэрвені і ліпені 2021 года). Таксама дзяўчына некалькі разоў хварэла на COVID-19 — у жніўні і снежні 2021, а таксама дрэнна пачувалася і на пачатку 2022 года.

Да таго ж Марфа ўвесь час адчувае болі ў жываце, а таксама ў яе запаліліся лімфавузлы на шыі. Аналізы крыві, зробленыя Марфай яшчэ ўвосень 2021 года, былі дрэннымі: выяўлены нізкі гемаглабін і прыкметы запаленчага працэса. Таму праваабаронца пачала дамагацца правядзення УГД. Яго, як стала вядома "Вясне", зрабілі Рабковай толькі ў сакавіку 2022 года — і ў выніку знайшлі вадкасць у малым тазе.Такі стан выклікае сур'ёзную ўстурбаванасць, бо патрабуе неадкладнага абследавання — хірургічнага і гінекалагічнага. Акрамя таго, падчас УГД у шчытападобнай залозе дзяўчыны было выяўлена шмат ачаговых утварэнняў і кіст. Каб вызначыць характар гэтых новаўтварэнняў, неабходна правесці дадатковае абследаванне. Таксама ў Марфы Рабковой працягваюць разбурацца і крышыцца зубы. Дазвол на наведванне стаматолага ёй не даюць ужо каля дзевяці месяцаў.

Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова

Каардынатарка Валанцёрскай службы
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Фота Spring96.org

Марфа была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіКа ў Мінску 17 верасня 2020 года, калі вярталася з уручэння «Вясне» прэстыжнай прэміі Яна Карскага. Дома ў яе правялі ператрус, а Марфу з мужам Вадзімам затрымалі і даставілі ў ГУБАЗіК. Першапачаткова ёй выставілі абвінавачваннетолькі па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Пазней Марфе прад’явілі новыя абвінавачванні – па ч. 3 арт. 130 і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса. У лістападзе 2021 года праваабаронца ў лісце да родных паведаміла, што судзіць яе будуць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Негледзячы на доўгае ўтрыманне пад вартай, падчас якога ў яе памерлі бабуля і бацька, праблемы са здароўем, Марфа не прызнае віну. Следчыя неаднаразова прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва: прызнаць віну і тады ёй зменяць меру стрымання і адпусцяць да хворых бацькоў. Але Марфа прынцыповая ў сваёй пазіцыі.

Валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк 

Андрэй Чапюк. Фота з сацыяльных сетак

Андрэя затрымалі праз паўмесяцы пасля затрымання Марфы – 2 кастрычніка 2020 года. З таго часу ён утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1.

У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, разам з валанцёрамі "Вясны", ажыццяўлялі назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымалі актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, удзельнічалі ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, дапамагалі родным палітвязняў. 

Прачытаў 55 кніг і навучыўся адціскацца на адной руцэ. Чаго за год у СІЗА дасягнуў Андрэй Чапюк

Больш за год валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк утрымліваецца ў СІЗА. За гэты час ён прачытаў 55 кніг, заканспектаваў тры агульныя сшыткі па кнізе па праграмаванні і навучыўся адціскацца на адной руцэ.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада і Аляксандр Францкевіч — першыя затрыманыя па справе 

Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода
Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода

Актывістаў анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскага-Ханаду і Аляксандра Францкевіча затрымалі разам 12 жніўня 2020 года.

«12 жніўня Ахікіра быў затрыманы разам з маім сынам, — распавядала «Нашай Ніве» Таццяна, маці Аляксандра Францкевіча. — Прыязджалі затрымліваць Акіхіра, а Саша ў гэты момант быў каля яго, таму затрымалі абодвух. Прабілі потым па базе наконт Сашы, а ён з палітвязняў 2010 года. І вось пасля Акрэсціна абодвух адвезлі ў КДБ». 

Даведка. Аляксандр Францкевіч — асуджаны ў 2011 годзе да трох гадоў калоніі за тое, што 9 сакавіка 2010 г. здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску: там былі выбітыя шыбы, у памяшканне быў укінуты фаер. Акцыя была праведзеная ў знак пратэсту супраць незаконных дзеянняў міліцыі, якія, годам раней, па перакананнях удзельнікаў акцыі, давялі да самагубства салігорскую актывістку Яну Палякову. Падчас суду Францкевіч прызнаў, што здымаў гэтую акцыю на відэа. Але віну не прызнаў.

Падчас следства адвакат Францкевіча Павел Сапелка (цяпер — юрыст «Вясны») быў пазбаўлены ліцэнзіі за актыўную абарону палітычных вязняў пасля падзеяў 19 снежня 2010 года.

Аляксандр адбываў прысуд у калоніі № 22 «Воўчыя норы». Адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Апошнія пяць месяцаў зняволення ён правёў у ПКТ.

Сукамернік Аляксандра ў жніўня 2020 года распавядаў маці Аляксандра, што затрыманых анархістаў збівалі і катавалі пасля затрымання.

Адразу пасля затрымання Акіхіру і Аляксандру выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках. 28 студзеня стала вядома, што супраць іх і яшчэ некалькіх чалавек узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 285Крымінальнага кодэкса — стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй. Да суда крымінальныя справы супраць іх выраслі да дзясятка артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Берасцейцы Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Андрэй Марач, Данііл Чуль, Аляксей Галаўко, Мікіта Дранец

Анархіста Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Андрэя Марача, Данііла Чуля і Мікіту Дранеца затрымалі 2 сакавіка 2021 года. Казлянка распавёў пазней з СІЗА пра сваё затрыманне. Аляксей Галаўко быў затрыманы праз тры дні пасля гэтага. Усіх іх перавезлі ў ІЧУ Мінска, а потым — у СІЗА-1 на Валадарскага.

У хуткім часе пра іх затрыманне адсправаздачылася МУС:

«На семярых удзельнікаў "Рэвалюцыйнага дзеяння" [хаця затрымалі шэсць] выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС падчас аператыўнай працы па крымінальнай справе, узбуджанай па факце стварэння злачыннай арганізацыі і ўдзелу ў ёй.

Пачынаючы з 2016 года, у розныя перыяды часу яны рыхтаваліся і ўдзельнічалі ў акцыях правакацыйнага і дэструктыўнага толку, уключаючы масавыя беспарадкі мінулага года ў Мінску і Брэсцкай вобласці».

Больш за ўсё акртыкулаў інкрымінуецца Аляксею Галаўко — ён абвінавачваецца адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 285(стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыі), ч. 1 і 3 арт. 361-1(стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім), арт. 341 Крымінальнага кодэкса — апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці, арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Маці палітвязня Аляксея Галаўко: "Ніякіх сумневаў, што гэта сфабрыкаваная палітычная справа, у мяне няма"

"Вясна" паразмаўляла з маці палітвязня Аляксея Галаўко — фігуранта нашумелай справы "Рэвалюцыйнага дзеяння".

Вядома, што ў аснову абвінавачвання па арт. 342 Крымінальнага лёг эпізод з перакрыццём дарог ў Брэсце ажно ў 2018 годзе: 5 траўня таго году анархісты блакавалі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва заводу АКБ. Акрамя гэтага, берасцейцам інкрымінуецца ўдзел у "Маршы недармаедаў" 5 сакавіка 2017 году.

У палітзняволенага берасцейца Паўла Шпетнага сёння Дзень народзінаў — у першы дзень суда яму спаўняецца 25 год.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

  1. Марыя Аляксандраўна Рабкова
  2. Андрэй Сяргеевіч Чапюк
  3. Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
  4. Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
  5. Мікіта Вадзімавіч Дранец
  6. Аляксандр Аляксандравіч Казлянка
  7. Даніла Раманавіч Чуль
  8. Аляксей Ігаравіч Галаўко
  9. Андрэй Ігаравіч Марач 
  10. Павел Аляксандравіч Шпетны

Крыніца: Пачынаецца суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі