У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 12 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Яшчэ шасцёра затрыманых па «справе траўматолагаў»

Працягваюцца затрыманні па «справе траўматолагаў» — сёння ў СІЗА КДБ патрапілі яшчэ 6 чалавек. Сярод іх два загадчыкі аддзяленняў 6 ГКБ, двое супрацоўнікаў РНПЦ артапедыі і траўматалогіі, загадчык кафедры БелМАПО і адзін доктар 11 ГКБ. 

Гэта Жыхар Мікалай Арсеневіч, Даніленка Алег Анатолевіч, Перасада Андрэй Сяргеевіч, Скакун Павал Рыгоравіч, Кезля Алег Пятровіч, Талака Яўген Лявонцьевіч. 

Затрыманыя сёння дактары праходзяць па 430 артыкуле Крымінальнага кодэкса.

Палітзняволеную Вольгу Залатар этапавалі ў гомельскую калонію

Вольга Залатар. Фота з сямейнага архіва

Палітзняволеную маці пецярых дзяцей Вольгу Залатар 10 красавіка перавялі ў гомельскую жаночую калонію №4. У Мінгарсудзе 3 снежня Вользе прысудзілі чатыры гады калоніі. Яе прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамаганне да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вольга не прызнала віну ні па ніводным артыкуле. 11 сакавіка Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.

Падтрымайце Вольгу: ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Вольга Віктараўна Залатар (на лістах пазначайце «каранцін»)

Палітзняволенага Эдуарда Пальчыса перавялі ў наваполацкую калонію

Палітзняволенага палітычнага блогера Эдуарда Пальчыса перавялі ў наваполацкую ПК №1. У гэтай калоніі свае тэрміны адбываюць 58 палітвязняў.

Нагадаем, Пальчыса абвінавацілі па чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

• арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў); • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); • арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);• арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Падтрымайце Эдуарда: ПК №1. 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Эдуард Аляксандравіч Пальчыс

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 12 красавіка