У Беларусі 1 красавіка па-ранейшаму адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Леанід Кулакоў у судзе.

Актывістаў Леаніда Кулакова і Маю Навумаву адправілі на «суткі» перад Днём Волі

Па інфармацыі праваабаронцаў, 24 сакавіка ў Мінску затрымалі актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Леаніда Кулакова і Маю Навумаву. Вядома, што на гэты дзень ў Леаніда была позва ў Следчы камітэт. Маю выклікалі туды пазней. Але, па папярэдняй інфармацыі, затрымалі іх дома. Пазней суд арыштаваў Леаніда і Маю на 15 сутак. Артыкул, па якім судзілі актывістаў, пакуль невядомы.

Супрацоўнікаў міліцыі зацікавіў тэлефон Уладзіміра Шанцава

Старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава раніцай 1 красавіка выклікалі ў Ленінскі РАУС нібыта ў рамках праверкі па справе аб нейкім збіцці 28 лютага.Калі Шанцаў з'явіўся ў райаддзел, у яго запатрабавалі аддаць смартфон, пасля чаго цягам 40 хвілін здзяйснялі з прыладай невядомыя маніпуляцыі, падлучыўшы незразумелы прыбор, паведамляе MAYDAYMog.

Абмежаванне доступу да сайтаў, чарговыя экстрэмісцкія каналы

Паводле Пастановы пракурора Віцебскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайта «voicеofbelarus.org».

Па заяве пракуратуры Заводскага раёна г. Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала "ЯДНАЙСЯ" прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 1 красавіка