У Беларусі 29-30 сакавіка працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Стала вядома імя аўтара Вікіпедыі, якога абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі з-за артыкулаў у энцыклапедыі 

Па дадзеных «Медыязоны», па артыкуле арт. 369-1 КК (публікацыя «заведама непраўдзівых звестак») затрыманы Павел Пернікаў. Артыкулы на «Вікіпедыі» ён рэдагаваў і пісаў з 2014 года, за гэты час унёс больш за 84 тысячы правак. Пісаў у тым ліку пра беларускія СМІ, затрыманага журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйку, журналістку TUT.ВY Кацярыну Барысевіч.

27 снежня 2021 з яго акаўнта ў Вікіпедыі пачалася дзіўная актыўнасць. Напрыклад, з артыкула пра Марыю Калеснікаву выдалілі інфармацыю пра яе статус палітвязня, з артыкула «Спіс загінулых падчас акцыяў пратэстаў у 2020 і 2021 гадах» цалкам знік цэлы раздзел, а з артыкула «Рэжым Лукашэнкі» знік абзац аб рэзалюцыі кангрэса ЗША з асуджэннем фальсіфікацый на выбарах, рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і прызнаннем рэжыму «нелегітымным».

Пазней «Вікіпедыя» заблакавала акаўнт з прычыны верагоднага захопу.

Палітвязню Аляксандру Івуліну пакінулі прысуд без зменаў 

Аляксандр Івулін
Аляксандр Івулін

29 сакавіка Мінскі гарадскі суд разглядзеў апеляцыйную скаргу журналіста, блогера і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна. Суддзя Мінгарсуда Святлана Чарапанава пастанавіла пакінуць прысуд у сіле. Хутка палітвязня этапуюць у калонію.

Нагадаем, 19 студзеня Аляксандру Івуліну прысудзілі два гады калоніі. Яго прызналі вінаватым у «арганізацыі і актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В, Аляксандру Мікалаевічу Івуліну

Былы палітвязень Ігар Банцэр выйшаў пасля допыту ў Следчым камітэце ў якасці сведкі 

Ігар Банцар
Ігар Банцар

На допыт ён узяў з сабой рэчы навыпадак арышту. Гутарка доўжылася паўгадзіны. Ігар адмовіўся ад дачы паказанняў. Яго прасілі даць падпіску аб неразгалошванні, але ён адмовіўся падпісваць дакументы. Тады яму прыгразілі арт. 407 КК «Разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння». 

Па гэтым артыкуле тры месяцы арышту адбыў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Мікалай Казлоў. Ён выйшаў на волю 26 сакавіка.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 29-30 сакавіка Дапоўнена