У Беларусі 28 сакавіка працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы баец MMA Уладзіслаў Навіцкі
У Мінску затрымалі байца MMA Уладзіслава Навіцкага, які выступаў за сумленныя выбары і супраць вайны ва Украіне
«Пакаяльнае відэа» са спартоўцам з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў.
«Цяпер, калі інфармацыйнае поле кішыць усялякай дрэнню, ён падтрымлівае і заахвочвае дзеянні сяброў, якія сталі наймітамі на баку нацыстаў, ГУБАЗ дапаможа падкарэктаваць жыццёвую пазіцыю, а дзяржава, верагодна, дасць другі шанец», — пішуць сілавікі.
Пры гэтым не ўдакладняецца, у якім статусе знаходзіцца спартовец.
Алега Груздзіловіча перавялі ў Магілёўскую турму
Як паведаміла Свабодзе Мар'яна Грузьдзіловіч, пра перавод Алега ў Магілёўскую турму ёй стала вядома 25 сакавіка, калі пыталася ў СІЗА-1 на Валадарскага пра тое, як арганізаваць сустрэчу мужа з натарыусам.
Ёй сказалі, што 23 сакавіка Алега этапавалі ў турму №4 Магілёва. Пазней прыйшоў ліст ад Алега ад 23 сакавіка, у якім ён напісаў, што яму тады загадалі сабраць усе рэчы і зрабіць іх вопіс.
28 сакавіка дзяжурная ў магілёўскай турме пацвердзіла жонцы, што муж ужо там.
Пры гэтым дата разгляду касацыйнай скаргі ў Мінскім гарадскім судзе не прызначаная.
30-гадовага жыхара Брэста абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь
Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 30-гадовага непрацуючага жыхара Брэста ў здзяйсненні дзеянняў, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, паведамляе Генпракуратура.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з 29 снежня 2020 года па 30 красавіка 2021 года прадставіў грамадскасці загадзя ілжывыя звесткі аб дзейнасці праваахоўных і дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь: размясціў недакладную інфармацыю на інтэрнэт-сайтах замежнай арганізацыі «Вікімедыя Фаўндэйшн, Інк." (Злучаныя Штаты Амерыкі) і міжнароднай арганізацыі «Міжнароднае таварыства правоў чалавека» (Федэратыўная Рэспубліка Германія).
Акрамя таго, абвінавачаны перадаў загадзя ілжывыя звесткі аб датычнасці органаў улады Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама да катаванняў і забойстваў людзей.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Груздзіловіча перавялі ў Магілёўскую турму, новыя затрыманні: хроніка пераследу 28 сакавіка