Па стане на 25 сакавіка палітвязнямі прызнаны 1101 чалавек. Палітычна матываваныя прысуды з непрапарцыйна высокімі і несуразмернымі зробленаму тэрмінамі — не адзіны метад барацьбы з нязгоднымі з дзеючай уладай беларусамі. Калі палітвязні трапляюць у калоніі, ціск на іх працягваецца: іх пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, змяшчаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА) або памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На палітвязняў «вешаюць» шматлікія парушэнні, за што іх пераводзяць на турэмны рэжым або ўзбуджаюць новыя крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Па дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 17 палітзняволеных перавялі ў «крытую» турму, і супраць яшчэ шасці распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. «Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму». На дадзены момант праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозвішчы 25 палітвязняў, якіх па «надуманых правінах» адміністрацыя калоній карае за «парушэнне ўстаноўленнага парадку». З іх 16 палітвязням узмацнілі рэжым: Мікіце Емяльянаву, Ігару Салаўю, Таццяне Канеўскай, Аляксандру Кабанаву, Андрэю Севяртоку, Андрэю Царонаку, Івану Вярбіцкаму, Ігару Повараву, Сяргею Верашчагіну, Міхаілу Калішуку, Андрэю Хрэнкову, Яўгену Петрачэнку, Алегу Яфрэменку, Аляксею Мельнікаву, Сяргею Рымшы, Глебу Гатоўку. Таксама вядома, што хутка ў «крытую» перавядуць і Яўгена Афнагеля. Раней з калоніі на турэмны рэжым перавялі і былую палітзняволеную Наталлю Хершэ, якую вызвалілі па памілаванні ў студзені 2022. Большасць з іх у «крытай» апынуліся цягам апошніх некалькіх месяцаў.

Ілюстрацыя мастачкі Eya Mordyakova
Ілюстрацыя мастачкі Eya Mordyakova

Мінімум 25 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання за «парушэнне ўнутранага парадку калоніі»

Калі да падзеяў 2020 года ў Беларусі па артыкулу 411 Крымінальнага кодэкса судзілі толькі двух палітвязняў: у 2012 Зміцера Дашкевіча і ў 2015 Мікалая Дзядка, то цяпер па гэтаму артыкулу ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі палітвязняў Мікіту Емяльянава і Віктара Барушку, а таксама Дзмітрыя Карнеева, які таксама адбывае тэрмін па палітычных матывах. Справы яшчэ двух палітзняволеных цяпер знаходзяцца ў судзе: Руслана Акосткі і Ціхана Осіпава. Нядаўна стала вядома, што крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы ўзбудзілі і супраць палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк.

Таксама вядома пра адзіны выпадак, калі пракуратура Магілёўскай вобласці прызнала незаконным пакаранне Арцёма Анішчука, якога асудзілі па палітычных матывах, у выглядзе ПКТ у дачыненні да яго, таму справу павінны былі спыніць. Аднак следчы дагэтуль гэта не зрабіў.

На гэтых палітзняволеных ціск аказвалі адразу пасля этапу ў калонію. Некаторыя ў калоніі не змаглі артымаць ніводную перадачу да пераводу на турэмны рэжым праз тое, што іх амаль адразу пасля этапу змяшчаюць у ПКТ. Адміністрацыя калоніі спецыяльна стварае невыносныя ўмовы ўтрымання, а потым яшчэ і пагаршае іх стан пераводам на рэжым з максімальнымі абмежаваннямі, пазбаўляючы іх нават свежага паветра. Пры гэтым, рапарты складаюць за тое, чаго палітвязень ніколі не здзяйсняў. Але абскардзіць змяшчэнне ў штрафны ізалятар або ПКТ для вязняў амаль немагчыма.

Кожны дзень яшчэ некалькі соцен палітзняволеных таксама сутыкаюцца з адвольнымі пазбаўленнямі перадач, спатканняў і званкоў. Некаторых з іх працягваюць змяшчаць у ШІЗА, ПКТ і карцары. Таму распавядаем, якія абмежаванні ўжываюцца ўладамі ў адносінах да палітычных вязняў, каб пагоршыць ім умовы ўтрымання.

Якія дысцыплінарныя спагнанні выкарыстоўваюць у калоніях супраць вязняў?

Амаль штодзённа праваабаронцам паведамляюць пра тое, што адміністрацыя розных папраўчых установах выносіць адміністрацыйныя спагнанні супраць палітвязняў. Супрацоўнікі адміністрацыі выкарыстоўваюць розныя «надуманыя» прычыны для гэтага: бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, няправільнае вітанне з прадстаўніком адміністрацыі, няголеннасць і многае іншае. Як паказвае практыка, палітвязняў спачатку пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, якіх, згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам (КВК), і так прадастаўляецца няшмат. Потым адміністрацыя папраўчых установаў пераходзіць да больш жосткіх пакаранняў: ШІЗА і ПКТ. 

Штрафны ізалятар у калоніях падобны да звычайнай турэмнай камеры, дзе «шконка» (ложак) адшпільваецца толькі на ноч і ніякіх асабістых рэчаў браць з сабой нельга. Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, тэлефонныя размовы, у тым ліку з выкарыстаннем сістэм відэасувязі, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў, адпраўленне і атрыманне лістоў, карыстанне настольнымі гульнямі і паленне. Пасцельныя прыналежнасці ім таксама не выдаюцца, на шпацыры не выводзяць (згодна з п. 1 арт. 114.КВК). Пры пераводзе ў ізалятар зняволеным выдаюць спецыяльнае адзенне, на якім вялізарнымі літарамі напісана «ШІЗА». Максімальны тэрмін змяшчэння вязня ў ізалятар — 10 сутак. Каб утрымліваць вязняў там як мага больш, адміністрацыя складае некалькі пратаколаў запар. 

Памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — спецыяльнае памяшканне, у якім утрымліваюцца асуджаныя да пазбаўлення волі, пераведзенныя ў парадку спагнання за злосныя парушэнні ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за «сістэмныя парушэнні». Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін. Таксама вязням дазволенае ліставанне, аднак яно часта беспадстаўна блакуецца цэнзарам. Гэтыя абмежаванні тычацца і вязняў, якіх змяшчаюць у адзіночную камеру. Да асуджаных, пераведзеных у ПКТ, могуць ужывацца ўсе меры спагнання, акрамя пераводу ў ПКТ (згодна з п. 8 арт. 113 КВК). Напрыклад, пераводзіць з ПКТ у штрафны ізалятар. Пры гэтым, тэрмін знаходжання ў ШІЗА не залічваецца ў тэрмін змяшчэння ў ПКТ.

Каго лічуць «злосным парушальнікам рэжыму»?

Па заканадаўству, злосным парушальнікам рэжыму прызнаюць вязня, які за адпаведны перыяд здзейсніў адразу некалькі парушэнняў устаноўленага парадку адбыцця пакарання. А менавіта, калі ў яго ёсць не меней за:

На падставе шматлікіх спагнанняў адміністрацыя папраўчай калоніі праводзіць атэстацыю, па выніках якой звяртаецца ў суд з патрабаваннем аб пераводзе вязня ў «крытую» або аб змяненні ўмоваў рэжыму (напрыклад, з агульнага на ўзмоцненны).

Згодна з п.5 арт.69 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, асуджаныя да пазбаўлення волі, што злосна парушаюць устаноўлены парадак адбыцця пакарання, могуць быць пераведзеныя з папраўчай калоніі для асобаў, упершыню адбываючых пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, і папраўчай калоніі для асобаў, што раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, у турму на тэрмін не звыш трох гадоў з адбыццём астатняга тэрміну пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах таго рэжыму, які быў прызначаны па выніку суда.

Як караюць палітвязняў за «сістэматычныя» парушэнні? 

Апошнім часам, практыка пакарання вязня ШІЗА ці ПКТ выкарыстоўваецца для дальнейшага ўзмацнення рэжыму і пераводу на турэмны рэжым у так званую «крытую турму», або ўзбуджэння новай крымінальнай справай за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Гэта два самых жорсткіх дысцыплінарных пакарання, прадугледжаныя законам.

Перавод на турэмны рэжым

Турэмны рэжым — гэта камерныя умовы ўтрымання, дзе, у адрозненні ад калоніі, вязні ўвесь час сядзяць у чатырох сценах. У камерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж людзьмі ў колькасці ад трох да дванаццаці чалавек.

У «крытай» ёсць два рэжымы: строгі і агульны. Адразу пасля прыбыцця ў турму вязень трапляе на строгі турэмны рэжым, а на агульны яго могуць перавесці толькі праз паўгады (па рашэнні начальніка ўстановы). На строгім рэжыме не могуць утрымлівацца цяжарныя жанчыны і тыя, якія маюць пры сабе непаўнагадовых, дзяцей, а таксама асуджаныя, якія маюць інваліднасць І і ІІ групы.

Гэты рэжым прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага. Пры гэтым, у правілах унутраннага распарадку гаворка ідзе толькі пра тое, што ім дазволена, то бок усё астатняе ім забаронена.

На агульным турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на дзве базавыя велічыні; мець два кароткатэрміновыя спатканні ў год; атрымліваць адну пасылку ці перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутранным дворыку працягласцю да паўтары гадзіны. На строгім турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на адну базавую велічыню; мець адно кароткатэрміновае спатканне ў год; атрымліваць адну бандэроль ці адзін дробны пакет ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутранным дворыку працягласцю да адной гадзіны. 

Але і ўсяго гэтага адміністрацыя турмы можа пазбавіць за «парушэнні». Ціск на зняволеных не сканчваецца нават пасля ўзмацнення рэжыму. Так, напрыклад, палітвязня Мікіту Емяльянава ўжо ў магілёскай турме №4 часта змяшчалі ў ШІЗА, дзе ўтрымлівалі больш за месяц, і пазбаўлялі спатканняў і званкоў. Акрамя гэтага, за шматлікія «парушэнні» ўжо ў «крытай» на палітвязня завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.

Рашэнне аб узмацненні рэжыму прыймае суд. У «крытую» вязня могуць адправіць толькі да трох гадоў, таму, калі тэрмін пакарання больш, то пасля турмы зняволенага вяртаюць у калонію на той рэжым, які першпачаткова быў прызначаны судом. Адміністрацыя турмы збірае дакументы, якія нібыта пацверджваюць парушэнне рэжыму вязнем, і перадаюць іх у суд. Пасля гэтага зняволеных этапуюць з калоніі ў «крытую» турму, якіх у Беларусі тры: гарадзенская турма №1, магілёўская турма №4 і жодзінская следчая турма №8.

Крымінальная справа за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі 

Згодна з Крымінальным кодэксам да адказнасці па артыкуле 411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе перавода ў ПКТ, адзіночную камеру або ў «крытую» турму. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, а за асабліва небяспечны рэцыдыў — да 2 гадоў.

  1. Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, альбо іншае супрацьдзеянне адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый асобай, якая адбывае пакаранне ў папраўчай установе, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі гэта асоба за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання падвяргалася цягам года дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу, спецыялізаваную палату, адзіночную камеру або пераводзілася ў турму (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго года.
  2. Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае злачынства.Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Праваабаронцы шмат гадоў змагаюцца за тое, каб выключыць артыкул 411 з Крымінальнага кодэкса. Па ім улады караюць вязняў, якія здзейснілі дысцыплінарныя парушэнні ў папраўчых установах, але, пры гэтым, ужо панеслі за іх пакаранне ў выглядзе ШІЗА або ПКТ. 

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка даўно звяртае ўвагу на тое, што практыка пакарання па арт. 411 Крымінальнага кодэкса зняволеных за тыя ж правіны, за якія яны ўжо панеслі дысцыплінарнае пакаранне, парушае шырока вядомы прынцып «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне. Таму гэта супярэчыць як Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, так і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Апроч усяго, спагнанні за парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній — супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў. Таму ў адносінах да зняволеных гэта часта з’яўляецца адвольным і не адпавядаючым цяжару правіны прыцягненнем да адказнасці.

Палітзняволенага Мікалая Дзядка падчас мінулага зняволення ў 2015 годзе таксама судзілі па гэтаму артыкулу. Тады яму за пяць дзён да вызвалення падоўжылі тэрмін на адзін год калоніі. Пасля гэтага ён перадаў з турмы на волю адкрыты ліст са сваімі думкамі наконт прысуду:

«У Канстытуцыі, Крымінальным і Крымінальна-выканаўчага кодэксах Беларусі дэкларуецца мноства добрых прынцыпаў і правоў, але ўсе яны застаюцца затаптанымі ў гразь, пакуль у Беларусі дзейнічае артыкул 411 КК, які дазваляе адправіць чалавека ў калонію на 1 год (або на 2 — па частцы другой гэтага артыкула) за нашэнне ці не нашэнне прадмета адзення, за размову з суседам па камеры». 

Павел Сапелка ўпэўнены, што вінаватыя асобы павінны ў гэтым выпадку несці адказнасць, абмежаваную мерамі дысцыплінарнага характару, тым больш, што спектр гэтых мер прадугледжаны крымінальна-выканаўчым заканадаўствам у дастатковай меры шырокі і дыферэнцыраваны па сваім характары.

З практыцы вынікае, што тэрмін палітычнага зняволенага залежыць не толькі ад выраку суда, але і ад жадання супрацоўнікоў МУС як мага больш пагоршыць умовы адбыцця тэрміну, у тым ліку і падоўжыць яго.

Крыніца: Беларусы на «крытай»: як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях