17 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна суд вынес прысуд па справе Юрыя Давыдава, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады". Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі, пра якога ў Гродне ходзіць не самая добрая слава: ён часта разглядае "палітычныя" справы і выносіць па іх жорсткія пакаранні.
Да прыкладу, юрыстку Алену Ягорычаву и слесара Ігара Пазнякова Лабоцкі прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў "Маршы адзінства", у той час як непасрэднага доказу іх віны, паводле версіі боку абароны, у суда не было. Пры гэтым Алену асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Ігара — да 2,5 гадоў "хіміі". Абаіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі.
Вінаватай Лабоцкі прызнаў вінаватай і палітзняволеную Дар'ю Давыдовіч за ўдзел у "счэпцы" на "Маршы адзінства", асудзіўшы дзяўчыну да 2 гадоў "хатняй хіміі".
Гэтым разам на лаве падсудных апынуўся гродзенец Юрый Давыдаў. Вядома, што мужчыну 40 гадоў. У горадзе яго шмат хто ведае як стваральніка адукацыйных курсаў для будучых маці і бацькоў. Ён дапамагаў шматдзетным сем'ям, арганізоўваў кансультацыі цяжарных жанчын з вядучымі медыкамі краіны. Калегі, суседзі і родныя характарызуюць мужчыну як цудоўнага чалавека, выдатнага прафесіянала, клапатлівага бацьку і мужа, спагадлівага і добрапрыстойнага суседа.
Разам з жонкай Юрый выхоўвае дваіх дзяцей 10 і 13 гадоў. Пры гэтым забяспечвае сям'ю ён адзін.
Мужчыну вінавацяць у тым, што 15 лістапада мінулага года ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" пад допісам з асабістымі звесткамі кіроўцы АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Паўла Вашкевіча ён пакінуў абразлівы каментар.
Праваабаронцам вядома, што па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства з 24 студзеня 2022 года і да суду Юрыя Давыдава ўтрымлівалі пад вартай.
Сам абвінавачаны растлумачыў суду, што 15 лістапада ў "Карніках Беларусі" пад допісам з фотаздымкам 31-гадовага Вашкевіча ён прачытаў, што ва ўласнасці ў пацярпелага ёсць мікрааўтобус Ford Transit 2015 года выпуску. Зыходзячы з гэтага абвінавачаны зрабіў выснову, што, акрамя працы ў АМАПе, пацярпелы займаецца яшчэ і прыватным бізнэсам, што, згодна з законам, дзяржслужачаму забаронена. Пра гэта Давыдаў і напісаў свой каментар.
Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, на судзе не гаварылася, але вядома, што судова-лінгвістычная экспертыза вызначыла, што ён утрымлівае "ненарматыўную форму маўленчага выказвання".
Нягледзячы на наяўнасць у абвінавачанага дзвюх змякчальных акалічнасцяў — чыстасардэчнага прызнання і дваіх малалетніх дзяцей — пракурор усё ж запатрабаваў для Давыдава 2,5 гады "хіміі". Пры гэтым той самы абразлівы каментар пракурор назваў "формай праявы нянавісці".
Падчас апошняга слова абвінавачаны прызнаў сваю віну, сказаў, што здзейсніў злачынства з-за неасцярожнасці, прынёс прабачэнні пацярпелым, паабяцаў стаць на шлях выпраўлення і папрасіў прызначыць яму ў якасці пакарання абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
17 сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў Юрыя Давыдава вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады" і асудзіў да 2,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі").
Крыніца: За "праяву нянавісці" да супрацоўніка АМАПу жыхара Гродна асудзілі на 2,5 гады "хіміі"