У Беларусі 15 сакавіка працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 15 сакавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Вучаніц каледжа прымусілі «пакаяцца» за TikTok-ролікі з ваеннай тэхнікай
«Пакаяльныя відэа» з дзьвюма, верагодна, непаўналетнімі вучаніцамі Гомельскага каледжа кулінарыі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На іх дзяўчаты просяць прабачэння за тое, што выклалі ў TikTok відэа з перасоўваннем вайсковай тэхнікі, і абяцаюць больш так не рабіць.
Праваабаронцу Леаніду Судаленку ў «Віцьбе» не аддаюць лісты
З 26 студзеня палітзняволены гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка адбывае прысуджанае яму пакаранне пад Віцебскам, у папраўчай калоніі №3 «Віцьба». Паводле ягонай жонкі, сям’я атрымлівае лісты з-за кратаў больш-менш рэгулярна, але ў кожным допісе ён паведамляе, што лісты з волі яму не аддаюць. Фактычна, за ўвесь час знаходжання на «Віцьбе», ніводнага ліста ён не атрымаў, у тым ліку ад дзяцей, кажа Аксана Судаленка.
Тэлефанавалі, тэлефанавалі і... затрымалі
15 сакавіка сілавікі затрымалі магіляўчаніна Кірыла Іванова. Здарылася гэта ў раёне "Рабочага пасёлка" каля 19 гадзін.
Да гэтага на працягу некалькіх дзён Іванову тэлефанавалі трое розных супрацоўнікаў Магілёўскага РАУС з патрабаваннем з'явіцца для здачы генетычнага матэрыялу "ў рамках нейкай крымінальнай справы".
Кожны раз Іваноў патрабаваў даслаць яму афіцыйную позву, аднак гэтага не адбывалася.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: "Пакаяльныя відэа" і затрыманні: хроніка пераследу 15 сакавіка