У Беларусі 14 сакавіка працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 14 сакавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Лідару Партыі БНФ Рыгору Кастусёву падоўжаны тэрмін утрымання пад вартай
Час знаходжання за кратамі лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва падоўжаны да 12 красавіка. Тады споўніцца роўна год, з таго дня, калі ён быў зняволены.
Кастусёў пакутуе ад анкалагічнага захворвання, але за кратамі не атрымлівае належнага лячэння.
Рыгор Кастусёў — адзін з фігурантаў "Справы юрыста і пушкініста". Інтэлігентныя людзі абмяркоўвалі ў зум-чаце будучыню Беларусі, гучалі ў тым ліку і радыкальныя прапановы. У пэўны момант частку з іх выманілі на сустрэчу з беларускімі сілавікамі ў Маскву і затрымалі адразу пасля яе. Кастусёва там не было — яго зняволілі дома ў Школве.
Усіх затрыманых абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку.
На знак пратэсту супраць пазбаўлення перапіскі палітвязень Мікола Дзядок адмовіўся ад працы
Палітвязень, актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок адмовіўся ад працы ў Горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне, паведамляюць ягоныя сябры. Паводле яго слоў, гэта здарылася 10 сакавіка на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго перапіскі і пагроз у адносінах да тых асуджаных, якія з ім маюць зносіны. Цэнзурай было знішчана больш за 30 лістоў. У актах указвалася, што яны „ўтрымліваюць сімволіку”, „ушчамляюць інтарэсы дзяржаўных арганізацый і асобных грамадзян”.
Міколу прысудзілі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паводле абвінавачання, з 4 жніўня па 1 лістапада 2020 года ён у сваім тэлеграм-канале распаўсюдзіў матэрыялы з заклікамі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу
Крымінальны пераслед заснавальнікаў "Медыя-Палессе"
Пракуратура Лунінецкага раёна распачала крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара і заснавальніка ТАА "МП-Компані", які з'яўляецца ўладальнікам сеткавага выдання "Медыя-Палессе". Ім інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Крымінальная справа супраць заснавальнікаў "Медыя-Палессе": хроніка пераследу 14 сакавіка