Ва Украіне ідзе вайна, якую распачалі ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі 24 лютага. Беларусь уцягнутая у яе як саюзнік агрэсара. Беларусы масава выступаюць супраць удзелу дзяржавы ў ваенных дзеяннях супраць Украіны, за што сілавікі рэпрэсуюць іх: затрымліваюць, катуюць у ізалятарах нечалавечымі ўмовамі ўтрымання без ежы, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 3 і 4 сакавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні ў Мінску, Светлагорску, Гомелі, Брэсце
3 сакавіка ў Мінску затрыманы Аляксандр Комар. Відэа з ім з акцыі пратэсту супраць вайны і рэферэндуму размясціла Zerkalo.io.
Раніцай 3 сакавіка ў Мінску ў сябе дома затрыманы Мікалай Пяпельскі (25.11.1974). Таксама ў сталіцы затрымалі Тэрэзу Лышчык. Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Юрыя Сталярова, Ірыну Куракіну і пра ператрус у Цімура Астанава.
У Светлагорску 2 сакавіка затрыманы прадпрымальнік Валер Сенцюроў. Паведамляецца, што сілавікі прыходзілі і да іншых.
Нагадаем, з 2 сакавіка ў Светлагорску праходзіць ператрусы ў сувязі з спаленым 1 сакавіка абсталявання на ўчастку чыгункі ў Светлагорскім раёне. Тады на перагоне Астанкавічы — Жэрдзь гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі была спаленая рэлейная шафа сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), і ў выніку святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку ў непрацоўным стане. Перагон Астанкавічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая далей працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Лінію пабудавалі як найкарацейшы шлях для вайсковых эшалонаў у бок Украіны падчас Першай сусветнай вайны.
У Гомелі затрыманы 38-гадовы Яўген Галіч. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
У Брэсце пасля ператрусу затрымалі Івана Сушко. Паведамілі, што ў межах арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) вязуць у Гродна.
Журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк разам з мужам Яўгенам Батурам затрыманыя да суда
Цяпер яны знаходзяцца ў Цэнтральным РУУСе. Прычына затрымання невядомая.
АМАП у Мінску затрымаў маці беларускіх салдат, якія маліліся ў царкве за мір
3 сакавіка ў Кафедральным саборы на Нямізе сабраліся маці беларускіх салдат — яны хацелі памаліцца з мір, дагэтуль між сабой яны знаёмыя не былі. Жанчыны былі без плакатаў — яны проста маліліся.
Вядома, што ў самой царкве было шмат «ціхароў» (яны рабілі выгляд, што прыйшлі сямейнай парай у царкву, але людзі бачылі ў іх рацыі), а каля будынка дзяжурыў АМАП.
Праваабаронцам паведамляюць, што пазней пачаліся затрыманні — як мінімум трох жанчын затрымалі. Вядома, што святар з сабора прасіў амапаўцаў адпусціць людзей, але сілавікі адмовіліся.
Сярод затрыманых — уладальніца бара "Сіняя каза" Ксенія Фёдарава. Вядома, што Ксенія праходзіць хіміятэрапію. Яе выпусцілі з Цэнтральнага РУУСа.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні ў Беларусі: хроніка пераследу 3 і 4 сакавіка Дапоўнена