27 лютага ў Беларусі праходзіць рэфэрэндум аб Канстытуцыі аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю. У спісы для галасавання ўключаныя на 26 тысяч грамадзян Беларусі менш, чым на выбарах 2020 году. Гэта, у асноўным, звязана з палітычнай эміграцыяй, але ўлады не адкрылі ўчасткаў за мяжой, фактычна пазбавіўшы права голаса сотні тысяч беларусаў. Прадстаўнікі апазіцыі ў склад участковых камісій амаль не прайшлі, а прозвішчы сябраў камісій засакрэцілі. На рэферэндуме не будзе назіральнікаў ад АБСЭ, а таксама фактычна адсутнічаюць нацыянальныя незалежныя назіральнікі. На ўчастках ва ўзмоцненым рэжыме працуюць міліцыянты. Рэферэндум праходзіць падчас вайны, якую распачалі 24 лютага ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі і якой беларускія ўлады сталі саюзнікамі агрэсара. Святлана Ціханоўская заклікала ў асноўны дзень галасавання прыходзіць да выбарчых участкаў актыўна выказваць пратэст супраць нападу Расіі на Украіну. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" вядуць хроніку рэферэндума 27 лютага.
Калі ласка, дасылайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» цікавую інфармацыю аб рэферэндуме: факты прымусовага ці калектыўнага галасавання, фотаздымкі з участкаў і іншую інфармацыю, якую вы палічыце важнай.
Тelegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Па інфармацыі, па стане на 10:00 яўка грамадзян склала 46,33%.
Усё па традыцыі — свята і буфет
На ўчастку для галасавання № 1, які размешчаны ў будынку Баброўскага сельвыканкама Крупскага раёна, арганізавана выстава "Алмазны цуд", а на ўчастку № 3, які размешчаны ў будынку Цацкоўскага сельвыканкама таго ж раёна, працуе выязная экспазіцыя школьнага музея "Гады, абпаленыя вайной".
На ўчастку № 20, што ў Крупскай раённай гімназіі грае музыка, у фае арганізавана дэкаратыўная выстава.
"А яшчэ тут можна прыкупіць выпечку, садавіна, сокі, розныя прысмакі", — піша мясцовая раёнка "Крупскі веснік".
Арганізаванае галасаванне вайскоўцаў
Для таго, каб даказаць, што беларускія вайскоўцы не ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне, telegram-канал Міністэрства абароны 27 лютага апублікаваў фотаздымкі чаргу і галасаванне вайскоўцаў 120-й асобнай механізаванай брыгады.
"Насуперак усім фэйкам ад экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў аб адпраўцы іх ва Украіну, актыўна прымаюць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме па зменах і дапаўненнях у Канстытуцыю", — кажуць у ведамстве.
Праваабаронцам стала вядома, што ў некаторых крымінальна-выканаўчых інспекцыях, дзе стаяць на ўліку асуджаныя да "хатняй хіміі" (у тым ліку, і па палітычных матывах) у сувязі з рэферэндумам выхаваўчыя мерапрыемствы і адзнаку перанеслі з нядзелі на панядзелак.
У Лельчыцах з урнамі для галасавання прыходзяць нават да тых, хто ляжыць пад кропельніцай
На рэфэрэндум запрашаюць людзей, якія памерлі год таму
Праваабаронцам стала вядома пра факты запрашэння на рэферэндум людзей, якія ўжо памерлі — так, беларусцы на хатні нумар тэлефанавалі нібыта з выбарчай камісіі і запрашалі на галасаванне яе 85-гадовую маці, якая памерла год таму. Высветлілася, што жанчына ёсць у выбарчых спісах.
Таксама вядома пра выпадак, калі чалавек, які ўжо больш за 10 гадоў недзеяздольны, чамусьці знаходзіцца ў выбарчых спісах.
У Віцебску чальцы выбарчых камісій ходзяць па кватэрах і прапаноўваюць прагаласаваць на месцы
У Віцебску па пад’ездах дамоў ходзяць людзі, якія прадстаўляюцца сябрамі выбарчай камісіі і прапануюць прагаласаваць на месцы — каля дзвярэй кватэры.
Пацыентам мінскіх шпіталяў прыносяць бюлетэні і глядзяць, як яны галасуюць
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра факты парушэння тайны галасавання ў другой лякарні Менску. Паведамляецца, што пасля раздачы бюлетэняў пацыентам супрацоўнікі выбарчай камісіі стаяць над людзьмі і глядзяць, хто як галасуе.
Хроніка парушэнняў першага дня датэрміновага галасавання
Другі дзень датэрміновага галасавання: хроніка парушэнняў
"У перапынку паміж кармленнем скаціны". Як у Беларусі арганізавалі датэрміновае галасаванне на 42,93%
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Рэферэндум падчас вайны. Хроніка праваабаронцаў асноўнага дня галасавання Дапоўнена