Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За дваравыя чаяванні, вядзенне тэлеграм-канала і ўдзел у пратэстных маршах у Мінску затрымалі мужа і жонку
Размова ідзе пра Сяргея Клінцэвіча і Таццяну Запольскую-Доўнар. “Пакаяльныя відэа” з імі 24 лютага размясціў праўладны тэлеграм-канал. На відэа Сяргей кажа пра тое, што ў 2020-м годзе хадзіў на пратэстныя мітынгі і быў адным са стваральнікаў закрытага тэлеграм-канала Маскоўскага раёна сталіцы. У рукі падчас запісу відэа мужчыне ўклалі чырвона-зялёны сцяг.
Таццяна на “пакальным відэа”, відавочна вельмі хвалюючыся і знаходзячыся ў стрэсе, распавядае, што яна шматдзетная маці, гадуе траіх дзяцей. У 2020-м годзе была падпісана на дэструктыўныя тэлеграм-каналы і ўдзельнічала ў дваровых чаяваннях, за што і была затрыманая. Які артыкул ставяць у віну Сяргею Клінцэвічу і Таццяне Запольскай-Доўнар, пакуль невядома, таксама як і пра абствіны іх затрымання.
Перастаў выходзіць на сувязь сябра БСДП “Грамада” Віталь Савіч
Віталь быў кандыдатам у дэпутаты ў 2019-м годзе. Быў затрыманы на маршах у Мінску ў 2020-м. Мужчына мае інваліднасць. Яшчэ 23 лютага да яго прыйшлі сілавікі, адключылі святло, але Савіч ім не адчыніў. Пра гэта паведамляюць яго сябры. 24 лютага раніцай ён выйшаў на вуліцу, да 13 гадзін быў на сувязі, а потым знік. Абодвы тэлефоны мужчыны недасягальныя.
Да жонкі палітвязня Віталя Жука прыйшлі з ператрусам
Як стала вядома Брэсцкай "Вясне", 23 лютага прайшоў чарговы ператрус у сям'і Маргарыты Касабуцкай. Яе мужа, палітвязня Віталя Жука, раней асудзілі па ч.1 арт. 368 за абразу Лукашэнкі да 1,5 гадоў калоніі. Мужчына ўжо адбывае тэрмін у ВК-2. Па розных падставах сілавікі прыходзілі да Маргарыты ўжо некалькі разоў. У перадапошні раз гэта было18 лютага 2022 года. Тады правялі ператрус, але нічога не забралі. Падчас ператрусу 23 лютага стала зразумела, што жанчыну таксама падазраюць у абразе Лукашэнкі за фразу "Лукашэнка - нелегітымны прэзідэнт". Гэтым разам на ператрус сілавікі прыйшлі разам з органамі апекі. Але забраць дзяцей не ўдалося, бо іх да сябе ўзяла бабуля. Саму Маргарыту не затрымалі. Па дадзеных Брэсцкай "Вясны", зараз жанчына ў бяспецы.
На Акрэсціна перасталі прымаць перадачы
Афіцыйная прычына гучыць так: «В связи с неблагоприятной эпидемиологической обстановкой COVID-19». Так напісана ў аб'яве на дзвярах ізалятара
Затрыманні перад рэферэндумам
Праўладны телеграм-канал выклаў “пакаяльнае відэа” з Раманам Булойчыкам. На фоне дзвярэй затрыманы мужчына гаворыць, што 24 лютага ў адным з телеграм-каналаў, які прызнаны экстрэмісцкім, ён пакінуў каментар з заклікам выйсці на мітынг у дзень рэфэрэндума, а ўжо праз 6 гадзін яго затрымалі. Дзе цяпер знаходзіцца Раман Булойчык і які артыкул яму інкрымінуюць, пакуль невядома.
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне ў Бабруйску Валянціна Варычава. Мужчыну затрымалі каля крамы і абвінавацілі па арт. 19.1 КаАП “Дробнае хуліганства”, нібыта ён «крычаў, размахваў рукамі, паводзіў сябе задзірліва». Праз некалькі гадзін Валянціна шпіталізавалі ў бальніцу з павышаным ціскам. Паведамляецца, што пасля выбараў мужчыну неаднаразова затрымлівалі па палітычных матывах.
Затрыманні за пратэсты супраць вайны Расіі з Украінай
У Жодзіне ГУБАЗіК затрымаў Аляксандра Міронава. Яго абвінавачваюць у тым, што 24 лютага мужчына пакінуў паведамленні з заклікам сабрацца а 17.00 ля крамы Green, каб выказаць свій пратэст супраць вайны Расіі з Украінай. З Аляксандрам зрабілі “пакаяльнае відэа”. На камеру ён раскайваецца ў сваіх дзеяннях і кажа пра тое, што ў 2020 годзе таксама заклікаў да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Дзе цяпер знаходзіцца жодзінец, невядома.
У Маладзечне затрымалі жанчыну, якая выйшла на антываенны пікет. 24 лютага каля 11 раніцы Вольга Барунова стала на дарозе каля крамы на Вялікім Гасцінцы з бел-чырвона-белым сцягам. Прыкладна праз 15 хвілін прыехалі сілавікі. Жанчына паспрабавала ўцячы, але яе схапілі.
“Раніцай мама была вельмі расстроеная навіной пра тое, што ва Украіне пачалася вайна. Гэта і падштурхнула яе выйсці адной на акцыю”, - напісаў сын Вольгі.
Як паведамілі сведкі, у Гомелі на Савецкай вуліцы затрымалі мужчыну. Ён толькі паспеў напісаць на плоце слова “Пуцін”, як быў затрыманы міліцыянтамі.
Ціск на незалежны прафсаюзны рух
У Мінску затрыманыя лідэры Свабоднага прафсаюзу металістаў. Як распавялі «Салідарнасці» прадстаўнікі незалежнага прафруху Беларусі, 24 лютага падчас ператрусу ў офісе Свабоднага прафсаюза металістаў была канфіскаваная тэхніка і мабільныя тэлефоны (у кіраўніцтва і супрацоўнікаў). Затрыманы намеснікі старшыні СПМ Ігар Комлік і Аляксандр Еўдакімчык. Апошняга сілавікі выцягвалі з офіса брутальна. Па дадзеных на раніцу 25 лютага, не выходзіць на сувязь лідэр СПМ 82-гадовы Аляксандр Бухвостаў.
Іншыя затрыманні
Мінск
24 лютага ў Мінску затрымалі рэжысёра Андрэя Саўчанку. Затрыманне адбылося на ганку тэатра БДУ «На балконе», дзе ён працуе. Цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна. Дакладных зветак пра прычыны затрымання пакуль няма.
Ёсць звесткі пра затрыманага 24 лютага ў Мінску мужчыну. Выпадковыя сведкі паведамляюць, што яго затрыманне адбылося прыкладна ў 12.00-12.05 на вуліцы Свярдлова паміж дамамі 32 і 34. Кажуць, што мужчына быў невысокага росту, немалады, апрануты ў цёмную куртку і шапку. Яго імя і прозвішча невядомыя.
Таксама сведкі паведамляюць пра тое, што 24 лютага на Кірава,1 прыкладна а 16:40-16:50 трое міліцыянтаў затрымалі на вуліцы мужчыну. На выгляд яму каля 50 гадоў. Быў апрануты ў шэрую шапку, цемнае адзенне. З сабой у затрыманага была чорная спартыўная сумка. Міліцыянты праверылі яго пашпарт, а пасля, адабраўшы дакумент, некуды павялі мужчыну. Пакуль ніякай іншых дадзеных пра затрыманага і яго месцазнаходжанне ў праваабаронцаў няма.
Вядома пра затрыманне 24 лютага Віталя Моўчана. У чым абвінавачваюць мужчыну, а таксама пры якіх абставінах яго затрымалі, пакуль не паведамляецца.
У гэты ж дзень з вобшукам прыйшлі да 42-гадовага Сяргея Палякова. Мужчыну затрымалі і адвезлі на Акрэсціна. Вядома, што 25 лютага ў яго павінен адбыцца суд па адміністрацыйным артыкуле 19.1 “Дробрнае хуліганства”.
Гродна
Праваабаронцам стала вядома, што 24 лютага ў Гродне затрымалі 27-гадовую Марыну Санкевіч. Ёсць дадзеныя, што яна знаходзіцца ў Ленінскім РАУС. Пра прычыны і акалічнасці затрымання інфармацыі пакуль няма.