22 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на рэферэндуме. Яно будзе праходзіць да 26 лютага. Асноўны дзень галасавання — 27 лютага. Падчас датэрміновага галасавання "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ўжо фіксуюць парушэнні. Калі ласка, дасылайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» цікавую інфармацыю аб рэферэндуме: факты прымусовага ці калектыўнага галасавання, фотаздымкі з участкаў і іншую інфармацыю, якую вы палічыце важнай.
Тelegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. |
У Зэльве столік у кабінцы для галасавання паставілі так, каб былі бачныя ўсе дзеянні выбаршчыка
На мінскай «хіміі» зняволеных прымусова адпраўляюць галасаваць датэрмінова
Як стала вядома "Гомельскай Вясне", у ПУАТ №55 у Мінску сядзельцаў прымусова вядуць на датэрміновае галасаванне. У гэтым месцы свае тэрміны адбываюць 13 палітвязняў.
За скаргі на парушэнні падчас рэферэндуму назіральніка з Віцебска выклікаюць у пракуратуру на «прафілактычную гутарку»
Як паведамляе "Белсат", Вадзім Кузьмін зарэгістраваны назіральнікам на рэферэндум ад партыі «Справядлівы свет». Калі ў першы дзень датэрміновага галасавання ён наведаў выбарчыя ўчастакі ў Чыгуначным раёне горада, то адразу заўважыў парушэнні: не вывешаныя спісы сябраў выбарчых камісій, а скрыні для бюлетэняў апячатаныя так, што пралазіць кулак.
У той час, пакуль мужчына пісаў скаргі ў акружную камісію ды пракуратуру, яму паведамілі, што назіраць за выбарчым працэсам ён не зможа. Галоўная прычына — каронавірус. Яму сказалі:
«З-за каронавіруса ў краіне, дзеля вашай бяспекі, для захавання вашага здароўя, мы адмаўляем вам у магчымасці назіраць. Да таго ж у нас на ўчастку ўжо ёсць тры назіральнікі».
Не паспеў Вадзім прыйсці дадому, як яму патэлефанавалі з пракуратуры і запрасілі прыехаць да іх для «прафілактычнай гутаркі». У выпадку, калі ён не прыедзе ў пракуратуру сам, прыгразілі, што пракурорскія супрацоўнікі прыедуць да яго.
Беларусы распавядаюць як іх адпраўляюць галасаваць датэрмінова
Zerkalo.io публікуе гісторыі беларусаў, якія распавядаюць, як іх заахвочваюць да датэрміновага галасавання:
- Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт — студэнтам абяцаюць чатыры выходныя дні, іх здымаюць з пар і прымушаюць ісці на ўчастак. Па словах навучэнцаў: «Адмова не прымаецца»;
- БНТУ — студэнтам абяцаюць выходныя з 25 па 28 лютага, калі абсалютна ўся група прагаласуе датэрмінова. Па словах іншага навучэнца: «ходзяць па інтэрнаце і пагражаюць высяленнем».
- Гродна Азот — гатовыя адпусціць на дзве гадзіны раней, калі прагаласаваць датэрмінова. Тых, хто прапісаны і жыве ў інтэрнатах просяць больш настойліва;
- Брэсцкая дзіцячая абласная бальніца — галоўны ўрач «настойліва раіць прагаласаваць датэрмінова» і нават дазваляе схадзіць на ўчастак у працоўны час;
- Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны — «адпраўляюць па 15 чалавек на ўчастак з лекцыі», а потым у якасці ўзнагароды тых, хто прагаласаваў, адпраўляюць дадому.
БДМУ — студэнтам абяцаюць выходны ў пятніцу, калі прагаласаваць датэрмінова. Як паведамляе @ruparbdmu, калі студэнты прагаласуюць датэрмінова і напішуць адпаведную заяву на імя дэкана, то атрымаюць выходны ў пятніцу.
Першы жыхар вёскі Старая Беліца Гомельскага раёна, які прыйшоў на датэрміновае галасаванне атрымаў падарунак — здаецца, гэта маласольныя агуркі.
Газета «Вечерний Минск», здаецца, падказвае чытачам, як галасаваць на рэферэндуме
Побач з паведамленнем аб рэферэндуме на вокладцы — словы «Скажи свое „да“!» Тыраж гэтага «спецвыпуску» — 250 000 экзэмпляраў. Мінчане атрымалі яго ў паштовыя скрыні бясплатна.
Немагчымасць на ўсіх участках прагаласаваць з дапамогай ID-карты
З верасня мінулага года ў Беларусі сталі выдавацца біяметрычныя пашпарты і ID-карты. Аднак уладальнікі новага віду дакументаў сутыкнуліся з тым, што не ўсюды ёсць апараты для іх счытвання. Старшыня камісіі на Лагойскім выбарчым участку №4 Яўген Гайдук распавёў, як будзе вырашацца гэта праблема:
"На жаль, у нас няма счытвальнай прылады. Аднак у гэтай няпростай сітуацыі ёсць некалькі выхадаў. Першы: ЦВК дазваляе выдаваць бюлетэнь па іншых дакументах, якія сведчаць асобу, напрыклад, вадзіцельскім пасведчанні. Другі: на ID-карце паказана прозвішча, імя ўладальніка, а ў перыяд правядзення рэферэндуму аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі працуе ў рэжыме "на сувязі", што дазваляе членам камісіі ўдакладніць адрас рэгістрацыі выбаршчыка. Гэта, безумоўна, некалькі абцяжарыць працу камісіі, але, як бачыце, бязвыхадных сітуацый не бывае".
Інфармацыя дапаўняецца.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Хроніка парушэнняў першага дня датэрміновага галасавання Дапоўнена