Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманне музыкі ў Мінску
Раніцай 18 лютага ў сябо дома быў затрыманы 22-гадовы музыка і студэнт Канстанцін Зімніцкі.
"Было 7 раніцы, мы спім і чуем званок у дзверы. Косцін тата адчыніў дзверы і забег АМАП і надзеў на Косцю кайданкі. Правялі ператрус, мы не разумелі, за што. Назвалі артыкулы за хуліганства, экстрэмізм і наркотыкі. Яго забралі ва ўпраўленне КДБ. Тэлефон яго забралі і сцягі. Натуральна, ніякіх наркотыкаў не было", — распавядаюць пра затрыманне музыкі яго родныя.
Вызваленне палітзняволенай Наталлі Хершэ
18 лютага на волю выйшла палітзняволеная Наталля Хершэ. Пра гэта паведаміў у сваім Twitter прэзідэнт Швейцарскай Канфэдэрацыі Іньяцыо Касіс.
«Я рады, што дыпламатычныя намаганні Швейцарыі акупіліся. Мы з пасольствам Швейцарыі ў Беларусі працягваем заклікаць да вызвалення ўсіх арыштаваных за ажыццяўленне палітычных і грамадзянскіх правоў», — напісаў Касіс.
Наталля Хершэ павінна была выйсці на волю 27 студзеня 2023 году. Пра гэта яна пісала ў лісце сваёй дачцэ ў кастрычніку 2021 года.
Брат Наталлі Хершэ распавёў "Нашай Ніве" пра яе вызваленне:
«Мяне запрасілі ў амбасаду, сакратарка папрасіла ўзяць дакументы Наталлі, якія захоўваліся ў мяне, але я абсалютна нічога не ведаў. Проста думаў, што для чагосьці спатрэбіліся дакументы.
А мяне павіншавалі з вызваленнем Наталлі і сказалі, што праз 15 хвілін выязджаем на машыне ў аэрапорт у віп-залу. Туды прывезлі Наталлю ў бусіку ў турэмнай робе.
Мы каля 40 хвілін прасядзелі ў зале чакання, праўда, у прысутнасці службовых асобай. Нас пачаставалі кавай, гарбатай, цукеркамі.
Наталля вельмі худая, настолькі тонкая… Усе валасы сівыя, толькі кончыкі бялявыя засталіся. Казала, што траціна валасоў выпала. Але нават так яна выглядае добра. Настрой пазітыўны. Вытрымала».
Затрыманні ў Мінску і Горках
У Мінску 17 лютага супрацоўнікі затрымалі 51-гадовую Алену Левіну. Вядома, што адразу яе даставілі ў Ленінскі РУУС, а потым перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. У ліпені Алена адседзела на Акрэсціна 45 сутак запар па трох пратаколах. У верасні яе зноў затрымалі, але пасля суда яе адпусцілі — яе аштрафавалі на 5 базавых велічыняў. Паводле якога артыкулу Алену затрымалі на гэты раз — невядома.
У Левінай ёсць праблемы са слыхам: яна носіць слыхавы апарат. У мінулы раз на Акрэсціна ў Алены селі батарэйкі ў апараце, а без яго жанчына вельмі дрэнна чуе. Супрацоўнікі ЦІПа тады адмовіліся перадаць для яе новыя батарэйкі, пры тым, што яны прынялі іх ад сваякоў жанчыны. На сваю просьбу яна атрымала адказ ад супрацоўніка ЦІПа Аляксея Цішэчкіна: «Мне пох..й чуе яна ці не». Падчас другога суда Левінай усё ж такі выдалі батарэйкі, каб яна магла ўдзельнічаць у судовым працэсе, але адразу пасля суда іх зноў забралі.
17 лютага ў Мінску была затрыманая Кацярына Піскун. Падрабязнасці затрымання і месцазнаходжанне жанчыны невядомыя.
16 лютага наўпрост на працы затрымалі Таццяна Заяц.
17 лютага ў Горках пасля ператрусу затрымалі сябра партыі КХП БНФ Віктара Каралькова.
Ператрусы і допыты палітвязняў на "хіміі"
17 лютага працягнуўся ціск на палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Так, ператрусы і допыты палітвязняў адбыліся ў папраўчай установе адкрытага тыпу №46 (г.п. Круглае). Там свае тэрміны адбываюць 10 палітвязняў. Ператрусы і допыты праводзілі супрацоўнікі КДБ. Аднаго з палітвязняў дапытвалі 12 гадзін.
Таксама ператрусы адбыліся ў палітвязняў папраўчай установы адкрытага тыпу №43, што месціцца ў Магілёве. На гэтай «хіміі» свае тэрміны адбываюць 20 палітвязняў. Паведамляецца, што з-за ператрусаў зняволеных не выпусцілі на працу.
Увечары 17 лютага супрацоўнікі КДБ зладзілі ператрусы ў зняволеных папраўчай установы адкрытага тыпу №29, што месціцца ў Ваўкавыску, дзе свае тэрміны адбываюць 9 палітвязняў.
Тэрмін утрымання пад вартай палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі працягнуты яшчэ на два месяцы
Да 14 красавіка ён будзе знаходзіцца ў мінскім СІЗА, калі гэтае рашэнне не будзе адмененае, піша @viktarbabarykaofficial. Нагадаем, сыну Віктара Бабарыкі прад'явілі новыя абвінавачанні, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка |
Грашовы перавод палітвязню ў СІЗА — «спроба фінансавання тэрарызму»
Праваабаронца Наста Лойка хацела перавесці 50 рублёў знаёмаму, які знаходзіцца ў СІЗА — ёй адмовілі, а пашпарт дзяўчыны патрапіў пад адмысловы кантроль праз «спробу фінансавання тэрарызму».
"Я прыйшла на пошту, аформіла бланк электроннага пераводу, аддала касіру паперу. І калі яна пачала ўводзіць інфармацыю, у яе высветлілася адзнака [аб тым, што чалавек з СІЗА знаходзіцца ў «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці»]. Яны папрасілі ў мяне пашпарт, зрабілі адзнаку ў фінансавай сістэме, сказалі, што не могуць прыняць перавод і што мае дадзеныя пойдуць на фінансавы кантроль", — кажа Наста.
Мама гэтага ж хлопца спрабавала перавесці яму грошы з моманту ягонага затрымання ў канцы 2020 года, але ёй ні разу не ўдалося гэтага зрабіць. Ужо пасля гісторыі праваабаронцы жанчына прыгадала, што ёй таксама нешта казалі пра фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, піша блог «Отражение».
Палітвязень Мікіта Емельянаў трымае галадоўку — за гэта яго кідаюць у ШІЗА
Стала вядома, за што палітвязня Мікіту Емяльянава караюць суткамі ў штрафным ізалятары. Двойчы яму выносілі спагнанні за тое, што Мікіта адмаўляўся прыбіраць прагулачны дворык. Яшчэ адзін раз — за тое, што не зрабіў даклад падчас праверкі.
Мікіта Емяльянаў кажа, што сапраўды адмаўляўся прыбіраць дворык, бо на прагулку яго прыводзілі ва ўжо брудны двор, дзе было наплявана іншымі вязнямі, накідана цыгарэтных агаркаў. Палітвязень не адмаўляецца прыбіраць за сабой, ён сочыць за чысцінёй у камеры, але не разумее, чаму на думку адміністрацыі турмы прыбіраць за астатнімі таксама мусіць менавіта ён.
Вядома, што супрацоўнікі адміністрацыі не прымаюць скаргі і заявы ад Мікіты, таму ён на знак пратэсту аб'явіў сухую галадоўку з 3 лютага і трымаў яе 10 дзён. Пасля ён пачаў піць ваду праз дрэннае самаадчуванне, але працягвае галадоўку.
Нагадаем, Мікіта Емяльянаў з 18 студзеня бесперапынна знаходзіцца ў ШІЗА. За гэты час яму вынеслі чатыры спагнанні агулам на 34 сутак.
З 27 студзеня яго пачалі судзіць на тэрыторыі турмы №4 па абвінавачванні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутраннага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). Палітвязню пагражае да 2 гадоў зняволення.
Прызначаны на 16 лютага працяг судовага пасяджэння не адбыўся праз хваробу суддзі Аксаны Ратнікавай.
Падтрымаць палітвязня: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу |
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку
Увечары 3 лютага палітвязень пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства па справе і прызначэння даты суда. 15 лютага Мацкевіч перайшоў да «сухой галадоўкі». Увечары 16 лютага філосаф спыніў галадоўку.
«Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў урачоў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і ўвечары каля 19.00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца», — перадае словы палітвязня ягоны адвакат.
З заявы, якую распаўсюдзілі праўладныя тэлеграм-каналы, вынікае, што акрамя арт. 342 КК палітзняволенаму Уладзіміру Мацкевічу ікрымінуецца і ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Раней пра гэта вядома не было.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 17-18 лютага Дапоўнена