Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

10 студзеня стала вядома пра затрыманне ў Мінску Андрэя Кішкурны. Нiякіх падрабязнасцяў пра абставіны затрымання і месцазнаходжанне Андрэя пакуль няма. Вядома толькі, што паўгады таму яго ўжо выклікалі на размову ў міліцыю.

Зміцер Цеслянок
Зміцер Цеслянок

У той жа дзень быў затрыманы паэт, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Зміцер Цеслянок. Прычыны затрымання невядомыя. Раней ён спрабаваў трапіць у склад участковай выбарчай камісіі на рэферэндум, аднак яму адмовілі, пасля гэтага ўвечары 4 лютага да Зміцера прыходзілі два міліцыянты з «прафілактычнай гутаркай».

Праваабаронцам стала вядома, што 10 лютага ў Мінску затрымалі Вольгу Цыбульскую. Пра прычыны затрымання дадзеных пакуль няма, але есць інфармацыя, што Вольгу ўтрымліваюць на Акрэсціна.

Блакаванне СМІ і папаўненні ў экстрэмісцскім спісе

10 лютага стала вядома, што інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала Haradzienski прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У Беларусі заблакавалі расійскі партал TJournal. Яго ўнеслі ў спіс блакіроўкі «на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь».

11 лютага сацсеткі «Вясны» з'явіліся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Экстрэмісцкай» была прызнаная 21 інтэрнэт-старонка Праваабарончага цэнтру — пералік іх займае ажно 2,5 старонкі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншага, «экстрэмісцкай» была прызнаная старонка пра «Вясну» на сайце арганізацыі Front Line Defenders, «тэг Вясны» на сайце Reform.bу, а таксама толькі рускамоўная версія сайту праваабарончага цэнтру — беларускамоўнай і англамоўнай версіі у спісе няма.

Ціск на зняволеных

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Палітзняволенага актывіста Уладзіміра Цурпанава змясцілі ў ШІЗА. Па інфармацыі MAYDAY TEAM, яго пакаралі «суткамі» ў штрафным ізалятары, але дакладны тэрмін і прычыны невядомыя. Акрамя гэтага, сваякі Уладзіміра каля двух месяцаў не атрымліваюць ад яго лісты і званкі.

Нагадаем, Цурпанава, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калонію на 2 гады. Падставай для новай крымінальнай справы супраць палітвязня, асуджанага на тры гады «хіміі», стала «парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Нібыта супрацоўнікі не аднойчы бачылі як ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, не засцілаў належным чынам сваё спальнае месца, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.

Падтрымайце палітвязня лістамі: ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Уладзіміру Іванавічу Цурпанаву.

Ціхан Осіпаў
Ціхан Осіпаў

Сваякі 26-гадовага палітвязня Ціхана Осіпава паведамляюць, што цэнзары не прапусцілі да яго ужо больш за 10 лістоў. 31 студзеня ў Ціхана быў Дзень народзінаў. З гэтай нагоды яго жонка Вольга прапанавала дасылаць яму заказныя лісты, каб віншаванні дайшлі да хлопца, а ў выпадку, калі цэнзар не прапусціць іх, Ціхан хаця б даведаецца прозвішчы тых, хто намагаўся яго павіншаваць. У выніку, на выходных хлопцу прынеслі больш за 10 актаў аб знішчэнні лістоў. Цэнзары не прапусцілі віншаванні. Пра гэта палітвязень паведаміў жонцы ў лісце. Пералічыў прозвішчы тых, ад каго былі лісты і паддзякаваў за падрымку.

Нагадаем, Ціхана ў траўні асудзілі да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму за наезд на пецярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос .

Падтрымайце Ціхана лістамі: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша,183.

Крыніца: Ціск на «Вясну», СМІ, зняволеных і новыя затрыманні: апошнія факты палітычнага пераследу за 10-11 лютага