Пётр Будзько. Фота з сацыяльных сетак Суд Лідскага раёна асудзіў былога падпалкоўніка міліцыі Пятра Будзько з Іўя да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэкса, паведамляе "Медыязона".

Акрамя гэтага, яму прызначылі штраф у памеры 500 базавых. Пракурор запрошваў для Будзько 5 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі абвінавачвання, 27 траўня Будзько, які пасля звальнення з міліцыі стаў дырэктарам камерцыйнай транспартнай фірмы, нанёс свайму супрацоўніку Андрэю Захару "не менш за 12 удараў у вобласць галавы" кулакамі. Тым самым ён "прычыніў яму менш цяжкія цялесныя пашкоджанні". Пацярпелы ў судзе заявіў, што ў яго "няма прэтэнзій" да абвінавачанага.

Пётр Будзько служыў у міліцыі больш за 20 гадоў, завяршыўшы службу намеснікам начальніка РАУС у Карэлічах у 2017 годзе. У канцы 2020 года ён адбыў 32 дні адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, распавядаў падпалкоўнік у інтэрв'ю газеце "Народная Воля". Ён распавядаў выданню, што тады супраць яго "спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу", але гэтага не адбылося бо "засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго хлуслівыя паказанні".

Сілавікі затрымалі Пятра Будзько 20 жніўня 2021 года, правёўшы Ператрус у яго дома і на лецішчы. У траўні 2021 года Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 былых сілавікоў. У гэты спіс трапіў і Пётр Будзько: яго пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі запасу.

Крыніца: Былога падпалкоўніка міліцыі Пятра Будзько асудзілі да шасці гадоў калоніі