Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" шляхам маніторынгу сайтаў раённых выканаўчых камітэтаў Брэсцкай вобласці прыйшлі да высновы, што большасць з іх, акрамя афіцыйнай інфармацыі аб прызначэнні рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю на 27 лютага, не публікуюць аніякай інфармацыі ўвогуле.

Згодна з Каляндарным планам, ЦВК не пазней чым за тры дні пасля ўтварэння раённых камісій, павінны прайсці іх першыя пасяджэнні.

Аднак апавяшчэнняў пра час і месца правядзення такіх пасяджэнняў няма на сайтах Жабінкаўскага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, Лунінецкага, Маларыцкага, Пінскага, Пружанскага і Столінскага раённых выканаўчых камітэтаў.

Не знайсці тут і абвестак пра прыём дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад раённых камісій.

А, напрыклад, на сайце Кобрынскага райвыканкама ўвогуле адсутнічае нават банер “Республиканский референдум 2022”.

Больш поўна інфармацыя пра будучы рэферэндум прадстаўлена на сайтах Брэсцкага раённага, Пінскага і Баранавіцкага гарадскіх выканаўчых камітэтаў.

На сайце Баранавіцкага райвыканкама інфармацыя аб першым пасяджэнні камісіі апублікаваная, аднак настолькі выпусташаная, што практычна не нясе аніякай сэнсавай нагрузкі:

“27 студзеня 2022 года адбылося першае пасяджэнне Баранавіцкай раённай камісіі па рэспубліканскім рэферэндуме. На пасяджэнні шляхам адкрытага галасавання абраны кіруючы склад раённай камісіі. Таксама разгледжаны наступныя пытанні:

- аб графіку дзяжурства членаў раённай камісіі;

- аб узгадненні ўтварэння ўчасткаў для галасавання па рэферэндуме.”

Такі ж мінімум інфармацыі публікуюць сайты Ляхавіцкага і Іванаўскага райвыканкамаў.

Уся інфармацыя пра рэферэндум падаецца толькі на рускай мове. Першая дзяржаўная мова – беларуская - нават не прадугледжаная на сайтах тэхнічна.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Інфармацыйнае забеспячэнне рэферэндуму на Брэстчыне кульгае на абедзве нагі