Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 27-28 студзеня працягваюцца затрыманні грамадзян і правядзенні ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

28 студзеня

Палітзняволенага студэнта БДМУ Уладзіслава Марціновіча этапавалі ў магілёўскую калонію

Праваабаронцам стала вядома, што Уладзіслаў Марціновіч пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі №15 «Вейна».

Палітзняволенага студэнта 4-га курса БДМУ абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністравання telegram-канала «Белыя халаты». 15 лістапада суд прызначыў палітвязню 4 гады калоніі.

На 2 гады палітвязня Ігара Салаўя перавядуць у магілёўскую турму

На два гады палітвязня Ігара Салаўя перавядуць з бабруйскай папраўчай калоніі №2 у магілёўскую турму, на строгі рэжым.

Такое рашэнне прыняў суд, які адбыўся ў калоніі па ініцыятыве адміністрацыі. Нібыта Салавей сістэматычна парушаў дысцыпліну. 

Ігар Салавей летась асуджаны па гучнай „Пінскай справе”, ён пакараны шасцю гадамі зняволення за ўдзел увечары 9-га жніўня 2020 года ў стыхійным мітынгу пад будынкам Пінскага гарадскога выканкаму.

27 студзеня

Палітзняволенага праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку 26 студзеня этапавалі ў папраўчую калонію №3.

Нагадаем, Леаніда асудзілі на тры гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў іх, а таксама фінансаванні такіх дзеянняў (ч. 2 арт. 342 КК).

14 студзеня Гомельскі абласны суд пакінуў апеляцыйную скаргу праваабаронцы без задавальнення, а прысуд без зменаў.

У Мінску затрымалі грамадзянку РФ — яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах

27 студзеня ў Мінску была затрымана грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якая мае від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, Вера Цвікевіч.

Папярэдне, яе абвінавачваюць па арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

У жніўні 2020-га фотаздымак Веры быў на першай паласе беларускай «Камсамольскай Праўды»

Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» Ягора Марціновіча і начальніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко накіравалі ў суд.

Палітвязням інкрымінуюць «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры».

Санкцыі па артыкуле, які інкрымінуюць журналістам, прадугледжваюць да 5 гадоў турмы.

Фота

Вядомага мастака Алеся Пушкіна пачнуць судзіць 4-га лютага. Пра гэта Беларускаму Радыё Рацыя паведаміў Алесь Суша. Ён напісаў у Фэйсбуку, што прыйшоў ліст ад Алеся Пушкіна, у якім палітвязень піша, што суд над ім хутчэй за ўсё будзе закрытым. Алеся Пушкіна абвінавацілі ў тым, што ён нібыта «ўчыніў дзеянні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый», піша сайт Генпракуратуры.Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні і новыя крымінальныя справы: хроніка палітычнага пераследу 27-28 студзеня