14 студзеня ў вёсцы Церуха на Гомельшчыне затрымалі 68-гадовага пенсіянера і былога сельскага дэпутата Мікалая Віцікава. Падставай для затрымання стаў ягоны ліст у раённую газету «Маяк» з нагоды абмеркавання зменаў у Канстытуцыю. Следчыя кваліфікавалі ліст пенсіянера па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне сацыяльнай варожасці, а раёнка адрэагавала абразлівым артыкулам. Дзесятыя суткі пенсіянер утрымліваецца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3, інфармацыі пра прад'яўленне абвінавачвання ў родных няма. "Вясна" распавядае падрабязнасці гэтай справы.  Як распавяла дачка Мікалая, у вёсцы ён мае сваю гаспадарку. Працуе на зямлі, займаецца вырошчваннем расады, мае пасеку. З ператрусам да мужчыны прыйшлі яшчэ 6 студзеня. Следчыя шукалі "экстрэмізм і сімволіку", але ў выніку нічога не знайшлі. У пастанове на ператрус было пазначана, што Віцікаў «„нелицеприятно“ выказаўся пра Усебеларускі народны сход».

Мікалай Віцікаў
Мікалай Віцікаў

Ператрус за тыдзень да арышту

Акрамя гэтага, як распавялі "Радыё Свабодзе" крыніцы, пенсіянер хацеў арганізаваць у вёсцы дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні Канстытуцыі.

"Ня ведаю, ці звязана гэта з ягоным затрыманнем, ці не. Ён чалавек з актыўнай пазіцыяй", — дадала крыніца.

14 студзеня Мікалая затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пазней яго перавялі ў статусе падазраванага па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса ў гомельскі СІЗА-3. Па гэтым артыкуле мужчыне пагражае да пяці гадоў калоніі. На дадзены момант у родных Мікалая няма інфармацыі пра прад'яўленае яму абвінавачвання. 

Што было ў лісце ў раёнку "Маяк"?

Пра змест ліста Віцікава ў мясцовую раёнку вядома толькі са словаў яго знаёмых і з артыкула "«Минута славы» любой ценой", якім адрэагавала на сітуацыю, газета. Па словах знаёмых пенсіянера, ён яшчэ летась запісаў свае разважанні пра Усебеларускі народны сход, а сёлета вырашыў падзяліцца імі з рэдакцыяй раённай газеты "Маяк".

З артыкула мясцовай газеты вядома, што ліст Віцікава называўся "прапановамі па канстытуцыйнай рэформе".

"Творчасць" вяскоўца мае шмат стандартнымі беспадстаўнымі абвінавачваннямі і абразамі прадстаўнікоў улады і самой дзяржаўнай сістэмы. А як па-іншаму ўспрымаць тое, што чалавек называе дзеючы дзяржаўны лад "лукашызмам", прыхільнікаў улады "ябацькамі", дзеянні праваахоўных органаў "зверствамі амапаўскіх вылюдкаў", — распавядаецца пра змест ліста ў раёнцы.

Як гаворыцца ў артыкуле, Усебеларускі народны сход Віцікаў параўнаў з "шабашем" и "гнойником".

Раённая газета "Маяк" не стрымлівала сябе ў выразах у адрас пенсіянера. Ягоны ліст з прапановамі наконт праекту Канстытуцыі выданне назвала "падобным да кляўзы", а самога Віцікава — "правінцыйным інтэлігентам пенсійнага ўзросту", "сельскім правакатарам", які "разносіць свае пасквілі па ўсім раёне".

Крыніца: Да пяці гадоў калоніі. Прапановы пенсіянера па канстытуцыйнай рэформе кваліфікавалі як распальванне варожасці