У судзе Ленінскага раёна Мінска 30 снежня да трох гадоў "хіміі" за ўдзел у пратэстах 2020 года асудзілі 36-гадовага мінчука Аляксея Лаўскага. За ўдзел у двух Маршах 23 і 30 жніўня 2020 года — "Маршы новай Беларусі" і "Маршы міру і незалежнасці" — яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Доказамі па справе выступалі фота і відэа з тэлефонаў і ноўтбука Лаўскага. Аляксея два з паловай месяцы ўтрымлівалі пад вартай, а пасля абвяшчэння прысуду выпусцілі на волю да накіравання на "хімію". Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава, дзяржабвінавачванне падтрымлівала В. Загароўская. Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Лаўскі 23 жніўня 2020 года "ў выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія маюць сваёй сапраўднай мэтай загадзя спланаванае здзяйсненне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія цягнуць парушэнне працы транспарту, у выкананне размешчаных у глабальнай сетцы інтэрнэт на розных інтэрнэт-рэсурсах, з'яўляючыся дакладна інфармаваным з розных крыніц пра планаванае правядзенне на тэрыторыі Мінска 23.08.2020 масавых мерапрыемстваў, гэта значыць загадзя ў парушэнне патрабаванняў Закона "Аб масавых мерапрыемствах", 23 жніўня 2020 года не раней за 13 гадзін 52 хвілін прыбыў да д. 79 па праспекце Незалежнасці ў Мінску, з нявызначанымі асобамі калонай прайшоў па праспекце Незалежнасці да д. 1 на вул. Свярдлова ў Мінску, пасля чаго пайшоў па пр. Незалежнасці да скрыжавання пр. Пераможцаў і вул. Мельнікайтэ, дзе з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, — супрацоўнікаў ОУС, і якія пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, далучыўся да групы грамадзян, што ўдзельнічалі ў гэтых супрацьпраўных дзеяннях".
У чым абвінавацілі мінчука?
Акрамя гэтага, Лаўскага абвінавацілі за аналагічныя дзеянні 30 жніўня 2020 года. Тады ў Мінску і іншых гарадах Беларусі праходзіў "Марш міру і незалежнасці".
Паводле абвінавачвання, Аляксей з іншымі нявызначанымі асобамі 23 жніўня з 14.35 па 20.00 перашкаджаў руху 19 аўтобусаў, 5 тралейбусаў, а таксама "абмежавалі правы добрапрыстойных грамадзян на спакойную працу, адпачынак і вольнае перамяшчэнне".
30 жніўня з 14.39 па 19.41 Лаўскі з групай нявызначаных асобаў прыпынілі рух 21 аўтобуса і двух тралейбусаў.
А якая пазіцыя самога абвінавачанага?
На судзе Лаўскі віну прызнаў часткова. Ён расказаў, што ў чэрвені 2020 года быў незаконна прыцягнуты паводле ч. 1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП. Згодна з інфармацыяй "Вясны", Лаўскага затрымалі 19 чэрвеня 2020 года за ўдзел у "Ланцугу салідарнасці" ў апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Па двух артыкулах КААП Аляксея аштрафавалі на 40 базавых велічынь.
Як заявіў Лаўскі на крымінальным працэсе, у сувязі з гэтым у яго затаілася крыўда на дзейсныя органы ўлады, што і падштурхнула яго да ўдзелу ў Маршах 23 і 30 жніўня. На судзе Лаўскі пацвердзіў, што выходзіў на праезную частку і рухаўся па ёй, але пры гэтым лічыць, што ён непасрэднага ўдзелу ў блакаванні праезнай часткі не прымаў, паколькі яна ўжо была занятая іншымі людзьмі.
На судзе намеснік пракурора Мінска заявіў пазоў у інтарэсах "Мінсктранса" ў памеры 13 419 рублёў 87 капеек. З прад'яўленым пазовам Лаўскі не пагадзіўся.
Фота і відэа з тэлефона. А якія доказы?
Аляксея затрымалі 14 кастрычніка 2021 года і змясцілі пад варту да суда. Пасля затрымання ў мінчука правялі вобшук і забралі ноўтбук, тэлефон, дзе і захоўваліся фота і відэа з Маршаў, якія ён ці сам здымаў, ці прасіў яго сфатаграфаваць.
У тэлефоне і ноўтбуку Лаўскага сілавікі знайшлі здымкі з пратэснай сімволікай з 14 жніўня па 23 верасня 2020 года, на старым тэлефоне былі знойдзеныя фота і відэа абвінавачанага з Маршаў 23 і 30 жніўня 2020 года. Акрамя таго, некаторыя здымкі Аляксей апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram, што таксама паслужыла на судзе доказам ягонай віны. Падчас Маршу 23 жніўня ў Аляксея быў з сабой БЧБ-сцяг і ён быў апрануты ў майку з "Пагоняй".
Чым усё скончылася?
У выніку, 30 снежня 2021 года суддзя Анастасія Ачалава прызнала Аляксея Лаўскага вінаватым паводле арт. 342 КК і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў "хіміі". Мінчука вызвалілі ў зале суда пасля двух з паловай месяцаў пад вартай.
Крыніца: Тры гады "хіміі" — за ўдзел у двух жнівеньскіх масавых Маршах