Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца напрыканцы года. 22 снежня па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошніяфакты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

24 снежня

Стала вядома, што культурны мэнэджэр Павел Белавус, які адбыў запад тры адміністрацыйныя арышты, затрыманы па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак). У яго дома правялі вобшук і канфіскавалі тэхніку.

belavus.jpg
Павел Белавус

23 снежня

Пазбавілі ліцэнзіі адвакатку Лізавету Матвееву, якая абараняла палітзняволеных Мажэйку, Мацкевіча, Лапатка, Слаўнікаву

Адвакатка таксама павінна была абараняць затрыманага напярэдадні актывіста Паўла Вінаградава.

Лізавету выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, нібыта за тое, што яна здзейсніла дысцыплінарны праступак. Яе выклікалі на пазачарговую пераатэстацыю, а яна не пагадзілася з гэтым і абскардзіла правядзенне дадзенай пераатэстацыі ў судзе. З-за таго, што дадзенае рашэнне абскарджвалася, яна не з'явілася на пераатэстацыю, што было расцэнена як дысцыплінарны праступак.

Міністр юстыцыі пастанавіў прыцягнуць Лізавету да дысцыплінарнай адказнасці і прыпыніў дзеянне яе ліцэнзіі. Учора рада МГКА разгледзела пытанне аб дысцыплінарным спагнанні і прыняла рашэнне аб выключэнні Лізаветы.

На журналіста «Свабоды» Андрэя Кузнечыка завялі крымінальную справу

Андрэй Кузьнечык
Андрэй Кузнечык

Андрэй Кузнечык, затрыманы 26 лістапада па адміністрацыйнай справе і двойчы асуджаны на арышт, стаў фігурантам крымінальнай справы. 

Сваякам Андрэя не паведамляюць, па якім артыкуле на яго завялі крымінальную справу. Сваякам таксама паведамілі, што чакаецца перавод Андрэя Кузьнечыка ў мінскае СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага.

Затрымалі журналіста «Радыё Свабоды» Алега Груздзіловіча

Алега Груздзіловіча забралі з дому ў Мінску, выламалі дзверы. Затрымлівалі яго людзі ў масках. Алег — падазраваны па крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 КК). Пасля затрымання мужчыну змясцілі ў СІЗА №1. Ён зноў прызнаны палітычным зняволеным.

Затрымалі вядучую спецыялістку па працы з кліентамі А1 Святлану Каленчыц

kalenchic_sv.png
Святлана Каленчыц

На відэа, апублікаваным праўладнымі тг-каналамі, дзяўчына кажа, што «ўдзельнічала ў масавых беспарадках». Яе змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна.

"Радыё Свабода" прызнана ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем

Улады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем групу грамадзян, аб’яднаных інтэрнэт-рэсурсамі «Радыё Свабода». Да гэтага, на пачатку снежня, Telegram-канал, сацсеткі беларускай службы «Радыё Свабода» і канал на YouTube былі прынаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу за 23 і 24 снежня