23 снежня ў Казахстане адбылося пасяджэнне, на якім сенатары разгледзелі пакет законапраектаў, у тым ліку па адмене смяротнага пакарання.
У ходзе пасяджэння Сената адзначалася, што закон па адмене смяротнага пакарання стаў лагічным працягам працы, якая праводзіцца ў Казахстане па паэтапным скарачэнні яго прымянення. Раней прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адзначаў, што смяротнае пакаранне ў Казахстане павінна быць скасаванае без якіх-небудзь агаворак, піша news.zerkalo.io.
"Прымаючы гэты закон, Казахстан далучаецца да групы краін, дзе смяротнае пакаранне заканадаўча забароненае. Акрамя таго, наша краіна даказвае, што падтрымлівае міжнародны рух, накіраваны на поўную адмену смяротнага пакарання", - адзначыў спікер Сената Маўлен Ашымбаеў.
Самым суровым пакараннем у Казахстане надалей стане пажыццёвае пазбаўленне волі.
Нагадаем, у пачатку года прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падпісаў закон "Аб ратыфікацыі другога Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнага пакарання".
Усе краіны, якія далучыліся да гэтага пратаколу, абавязваюцца не ўжываць у сябе смяротнае пакаранне і выключыць яго з заканадаўства.
Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе смяротнае пакаранне ў дачыненні да сваіх грамадзянаў.
Крыніца: Ад мараторыя да поўнай адмены: Сенат Казахстана прыняў закон аб адмене смяротнага пакарання