Праваабарончы цэнтр "Вясна" стаў лаўрэатам прэміі Міністэрства замежных спраў Польшчы "За чалавечую годнасць" (Pro Dignitate Humana). 10 снежня міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау павіншаваў праваабаронцаў "Вясны" з атрыманнем прэміі. Уручаючы ўзнагароду, ён падкрэсліў, што Польшча падтрымлівае беларускае грамадства ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю, і падзякаваў супрацоўнікаў «Вясны», дзякуючы якім свет даведаецца пра жорсткія рэпрэсіі і пераслед грамадзян, якія адбываюцца ў Беларусі. Міністр Рау таксама адзначыў, што ўзнагарода з'яўляецца выказваннем падзякі сем'ям ахвяр і самім ахвярам жнівеньскіх падзей 2020 года ў Беларусі.
У сваю чаргу, праваабаронцы "Вясны" нагадалі, што будуць працягваць сваю дзейнасць, нягледзячы на рэпрэсіі і крымінальны пераслед калегаў.
"Мы будзем змагацца за вызваленне нашых калегаў, а таксама ўсіх палітычных зняволеных Беларусі. Мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб правы чалавека і чалавечая годнасць сталі галоўнай каштоўнасцю і мэтай беларускай дзяржавы і беларускага грамадства".
Прэміі Pro Dignitate Humana пачынаючы з 2011 года прысуджаецца асобе ці няўрадавай арганізацыі за самаадданыя і бескампрамісныя намаганні па абароне правоў тых, хто падвяргаецца пераследам або рэпрэсіям. Узнагарода адлюстроўвае непахісную прыхільнасць абароне правоў асобы і чалавечай годнасці. Першым лаўрэатам прэміі ў 2011 года стаў старшыня Праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі, які ў той момант так жа, як і цяпер, знаходзіўся ў следчым ізалятары ў чаканні суда па крымінальнай справе. Таксама лаўрэатамі прэміі станавіліся расійскае таварыства "Мемарыял", праваабаронца Людміла Аляксеева, украінскі кінарэжысёр і пісьменнік Алег Сянцоў і іншыя праваабаронцы.
Крыніца: «Вясна» атрымала прэмію «за чалавечую годнасць» ад Міністэрства замежных спраў Польшчы