Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 08 Лістапад 2019

Кандыдатка Эльвіра Мірсалімава пікетавала ў Віцебску з расейскім трыкалёрам

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Эльвіра Мірсалімава Эльвіра Мірсалімава

Кандыдатка ў дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Эльвіра Мірсалімава зладзіла 8 лістапада пікет, на якім у якасьці нагляднай агітацыі карысталася сьцяжкамі Расейскай Фэдэрацыі. Сымбаль суседняй дзяржавы суседнічаў на агітацыйным стэндзе з беларускім дзяржаўным і партыйным сьцягамі.

«Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі – цывілізацыйны выбар нашых народаў, якія ёсьць адзіным этнасам», – гаворыцца ў праграме Эльвіры Мірсалімавай. Яна заяўляе, што адстойвае інтарэсы большасьці беларускіх грамадзянаў. Балятуецца ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.

«Толькі ў Саюзе з Расеяй нашае выжываньне…»

На пытаньне, чаму побач зь беларускім сьцяжком на яе агітацыйным стэндзе знаходзіцца расейскі трыкалёр, Эльвіра Мірсалімава адказала, «што ў нас усё завязанае на Расеі».

«Віцебшчына была моцным рэгіёнам. А што сёньня бачым? Татальны заняпад. І тое, што сёньня ў нас ёсьць, усё завязанае на расейскіх рэсурсах… Мы эканамічна завязаныя на Расеі, а таксама гістарычна, культурна. Гэта нашая роднасная краіна і гэта наш галоўны саюзьнік – захаду мы не патрэбныя. Расея – гэта заўсёды нашыя родныя людзі, нашая родная краіна», – патлумачыла Мірсалімава.

Да таго ж, на думку кандыдаткі, гэта наш адзіны гарант бясьпекі.

«Больш нас ніхто не абароніць. А калі кажуць пра нейкі нэўтралітэт, то яго насамрэч не існуе. Таму толькі ў Саюзе з Расеяй нашае выжываньне і нашае працьвітаньне», – заявіла кандыдатка ў дэпутаты беларускага парлямэнту.

Пад саюзнай дзяржавай Мірсалімава разумее адзіную палітычную, эканамічную, ваенную, валютную і культурную прастору. На яе погляд гэтая прастора павінна зрабіцца нарэшце рэальна адзінай, а «ня той, што маем на сёньня».

Дадала, што вельмі ня хоча, каб тая русафобія, якая нарастае на заходнім кірунку і ва Ўкраіне, прыйшла сюды, у Беларусь. «Людзі павінны ўсьведамляць, што ніякай русафобіі і ніякай грамадзянскай вайны, як на Ўкраіне, ня будзе», – сказала Мірсалімава.

Назіральнік: Кандыдатка парушыла заканадаўства

Незалежны назіральнік Леанід Сьвецік, які прысутнічаў на акцыі, мяркуе, што падчас пікету Эльвіры Мірсалімавай парушалася беларускае заканадаўства, бо кандыдатка ў дэпутаты ПП НС Рэспублікі Беларусь карысталася сымболікай іншай дзяржавы.

«На мой погляд, гэты інцыдэнт мусіць стаць нагодай для разбору акруговай камісіяй №19. Кандыдатцы павінны вынесьці альбо папярэджаньне, альбо наогул зьняць з выбарчай гонкі», – сказаў Леанід Сьвецік.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.