Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 10 Снежань 2020

Каталіцкіх святароў вызвалілі з СІЗА ў Віцебску: суд вярнуў справы ў РАУС – на дапрацоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў 9 снежня адміністрацыйныя справы ў дачыненні каталіцкіх святароў Аляксея Варанко і Віктара Жука, затрыманых напярэдадні каля ГЦ «Грын» і змешчаных да суду ў ізалятар часовага ўтрымання. Праз недастатковасць звестак у матэрыялах справы суд адправіў іх на дапрацоўку ў міліцыю. Святары на волі.

Справу пробашча парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску ксяндза Віктара Жука, грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко, а таксама іх сябра Аляксея Каракова разбіраў праз скайп суддзя Міхаіл Юрчанка. Міліцыянты абвінавацілі іх у правядзенні несанкцыянаванага пікетавання (арт. 23.34 КаАП). 

Святары сцвярджалі на працэсе, што ніякага пікетавання не ладзілі, а маліліся за беларускі народ. Праз тое, што ў матэрыялах бракавала неабходных звестак, суддзя вярнуў адміністрацыйныя справы на дапрацоўку ў Першамайскі РАУС Віцебску.

Святары пасля сутак, праведзеных у СІЗА-2 (менавіта там зараз размяшчаецца ізалятар часовага ўтрымання) выйшлі на волю.

Калі адбудзецца суд па дапрацаваных пратаколах, пакуль невядома.

Зміцер Міраш