Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 10 Верасень 2026

Учора ў базу вышуку на тэрыторыі Беларусі і РФ абвясцілі траіх віцяблян

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта Наталля Пратасевіч, Павел Максімовіч і Максім Ламонаў. Іх шукае УУС Віцебскай вобасці. У вышук падаюць звесткі на асобаў, супраць якіх у Беларусі распачатая крымінальная справа. Але якая менавіта - у пошукавай базе не пазначаецца. У выпадку Наталлі Пратасевіч (на фота) -найхутчэй палітычна матываваная. Віцебская актывістка была вымушана пакінуць Беларусь пасля падзеяў 2020 года пад пагрозай судовага пераследу.

Увогуле віцяблян у базе пошуку на тэрыторыі Беларусі і  Расіі не так и мала. Сёлета ў жніўні стала вядома, да прыкладу, што ў вышуку знаходзяцца былыя палітвязні блогер Дзмітрый Казлоў з Аршанскага раёна і віцебскі відэааператар Вячаслаў Лазараў. Там паначана, што падставай для вышуку сталі крымінальныя справы – найверагодней, распачатыя ўжо пасля іх вызвалення з-за кратаў у верасні 2025 года. Нагадаем, абодвух прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву, а пазней анулявалі іхныя беларускія пашпарты.
Адносна нядаўна ў гэта спіс уключылі і віцебскую актывістку Караліну Цярэнцьеву, яе сястра Станіслава ў базе пошуку  апынулася яшчэ раней.

Зрэшты, у міждзяржаўную базу вышуку ўключаюць і па не палітычных прычынах, калі чалавека шукаюць, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за сапраўдныя злачынствы.

Марыя Пятрова