Друкаваць гэтую старонку
Серада, 09 Верасень 2026

Біяграфію Язэпа Драздовіча паспрабавалі зрабіць аргументам за «народнае адзінства»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У віцебскіх дзяржСМІ разгарнуляся цэлая інфармацыйная кампанія напярэдадні 17 верасня – дня, калі ў 1939 годзе тэрыторыі заходняй часткі Беларусі былі далучаны да БССР. Мяжа праходзіла ў тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны, і таму  газета “Віцьбічы” вырашыла заінтрыгаваць чытачоў, размясціўшы артыкул “А вы знали, за что Язепа Дроздовича уволили из Глубокской гимназии?”

Гэта факт агульнавядомы: у 1924 годзе вядомы мастак працаваў настаўнікам у польскай гімназіі ў Глыбокім, а паралельна  займаўся адраджэннем беларускай культуры. Паводле “Віцьбічаў”, “праз два гады ён быў звольнены за патрыятычную грамадзянскую пазіцыю”.

Аўтар артыкула падае гэта як прыклад ідэалагічнага прыгнёту за часам “панскай Польшчы”. Хаця пры той самай уладзе нічога не перашкодзіла яму па звальненні  настаўнічаць у Радашковічах і Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаць з беларускай Акадэміяй навук і атрымліваць прэміі за навуковыя і мастацкія здзяйсненні.

Але – што прынесла Язэпу Драздовічу ўз’яднанне з “братамі з Усходу”? Якраз нічога добрага: у савецкай Беларусі чыноўнікі ад  культуры ставіліся да творчасці Драздовіча як да нявартай увагі, яго не прымалі ў Саюз мастакоў Беларусі, ен не мог знайсці вартай працы. Асноўнай крыніцай заробку для яго былі маляваныя дываны для сялян, якія ён ствараў падчас вандровак па вёсках, і якія цяпер складаюць гонар мастацкай спадчыны Беларусі. Жыццё мастака скончылася трагічна: беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезлі ў Падсвільскі шпіталь, дзе праз некаторы час ён памёр ва ўзросце 66 гадоў.

Вадзім Ціхаміраў