Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 13 Жнівень 2026

Віцебская газета “наехала” на жанчыну, якая распавяла пра інцыдэнт у TikTok, не патэлефанаваўшы ў 102

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Зрэшты, інцыдэнтам было не рабаўніцтва, не крадзеж і тым больш не забойства: жанчына зняла відэа пра тое, які падлетак нешта кінуў уніз з моста цераз Віцьбу. Што гэта быў за прадмет, жанчына добра не разгледзела, і зрабіла выснову, што гэта мог быць камень. Паводзіны хлопца яна ацаніла як хуліганства, і гэтую выснову падтрымалі гледачы.

Відэа “заляцела”, сабраўшы сотні каментароў. Трапіла яно і на вочы супрацоўнікам Кастрычніцкага РАУС, якія апыталі жанчыну і пачалі праверку па дадзеным інцыдэнце. Калі факт хуліганства пацвердзіцца, будзе распачата адміністратыўная справа супраць хлопца, які нешта кінуў з вышыні, не падумаўшы пра магчымыя наступствы. Праверка яшчэ не скончана, але міліцыя ўжо выказала прэтэнзіі: маўляў, аўтарка відэа мусіла адразу патэлефанаваць у 102.

Аднак яшчэ далей пайшла гарадская газета “Витьбичи”: у публікацыі пра гэты выпадак жанчыне не падзякавалі за пільнасць, а прыгразілі адказнасцю “за размяшчэнне неправеранай інфармацыі з абвінавачаннямі” і зусім ужо не ветліва параілі “включать собственную голову и думать о последствиях, а не о лайках в интернете”.

Здавалася б, адкуль такая ўвага да звычайнага відэароліка? Усё проста: менавіта TikTok стаў для многіх беларусаў сапраўднай магчымасцю паскардзіцца на нешта або распавесці пра праблемную сітуацыю. А ўлады і афіцыйныя СМІ гэтым вельмі незадаволеныя, бо праўда, якую яны хацелі б прыхаваць, тыкім чынам становіцца вядомай шырокай грамадскасці.

Ёсць і яшчэ адна дэталь: Юбілейны мост, які фігуруе ў відэароліку, быў нядаўна на капісальным рамонце. Аднак залева, якая прайшла над горадам 6 жніўня, паказала, што працы былі зроблены няякасна - плітка паабапал апор на беразе "паехала" ў розныя бакі. Гэта заўважылі многія гараджане, і цяпер, верагодна, любыя згадкі пра гэты мост сталі "занозай" для ўладаў і мясцовай прэсы. 

Ганна Лугавая