– Як толькі я паляцела, краму арыштавалі, як і рахунак у банку. Выплату пенсіі таксама прыпынілі ў 2023 годзе. Цяпер я ў Варшаве, разлічваць магу толькі на сябе. Больш за тры гады я працавала хатняй работніцай у добрай польскай сям’і. Але, на жаль, яны з’ехалі на ПМЖ у Іспанію, - распавяла Таццяна.
Яна знайшла новае месца працы ў іншай сім'і, але здарылася няшчасце: жанчына ўпала з высокай лесвіцы, ударылася спіной і галавой аб бетонную падлогу. Трапіла ў шпіталь, дактары сказалі, што чарапно-мазгавая траўма вельмі сур’ёзная, рабілі КТ амаль кожны дзень, калі рыхтавалі да аперацыі. Але гематомы пачалі спадаць, і Таццяну супакоілі, што аперацыю пакуль рабіць не будуць. Яе выпісалі, але жанчына засталася вінная за аперацыю, бо не мела дзяржаўнай страхоўкі.
- Цяпер я праходжу лячэнне далей, нанова вучуся хадзіць. Працаваць пакуль не магу. Здароўе паступова аднаўляецца, але пакуль сіджу на абязбольвальных і мазях. Турбуюць галаўныя болі, часам галавакружэнне. Вельмі засмучае левая нага, якую я дагэтуль цягну. Прагнозы дактароў такія: патрэбны сіла волі і цярпенне, і тады ўсё адновіцца, — кажа віцяблянка.
На сенняшні дзень ёй скрайне неабходна сума €1600, з іх €1500 – за знаходжанне ў шпіталі, яшчэ €100 - на рэабілітацыю. Фонд BYSOL абвясціў збор сродкаў для Таццяны Куксы.
Аляксей Лупашын