У сярэдзіне чэрвеня Паўлічэнка з’явіўся ў летніку разам з байцамі спецназу, якія вучылі дзяцей і падлеткаў асновам рукапашнага бою і карыстання зброяй, праводзілі заняткі па медычнай і агнявой падрыхтоўцы. Цяпер разам з ім прыехалі прадстаўнікі Беларускай федэрацыі панкраціёна і змяшаных баявых адзінаборстваў. Нягледзячы на змену “світы”, змест мерапрыемстваў, на якія зацягнулі дзяцей, застаўся практычна без зменаў: азнаямленне са зброяй і рукапашны бой. А таксама гутаркі пра неабходнасць бараніць дзяржаву ад знешніх і ўнутраных ворагаў.
Нязменным спадарожнікам Паўлічэнкі ў паездках да выхаванцаў летніка “Бароўка” з’яўляецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Азаронак. Ен цалкам падтрымлівае пазіцыю стваральніка “эскадронаў смерці”, што да выхавання падлеткаў шляхам мілітарызацыі і аповедаў пра тое, як у 2020-м годзе “падраздзяленні спецназу і міліцыі змагаліся супраць неадэкватнага натоўпу”, якому “выдаваліся грошы, алкаголь, наркотыкі, каскі і малаткі”.
Падобная практыка прымусовага прыцягнення непаўналетніх да ідэалагічных і мілітарысцкіх імпрэзаў выклікае вострую крытыку з боку праваабаронцаў, якія заяўляюць пра грубае парушэнне правоў дзіцяці. Згодна з міжнароднымі стандартамі, у прыватнасці Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці, дзеці маюць права на абарону ад усіх формаў гвалту і мілітарызацыі, а таксама на свабоду ад ідэалагічнага ціску і індактрынацыі. Прымус да ўдзелу ў сустрэчах з асобамі, датычнымі да цяжкіх злачынстваў, а таксама навязванне агрэсіўнай рыторыкі варожасці траўмуюць псіхіку непаўналетніх, парушаюць іх права на бяспечнае асяроддзе і супярэчаць прынцыпам мірнага выхавання.
Марыя Шугалёва