Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 12 Май 2026

Пончыкі, фаршыраваныя памідоры і аліўе. Так у Сянно ўяўляюць сабе "палявую кухню" часоў мінулай вайны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Рамантызацыя часоў Вялікай Айчыннай вайны набывае ўсё больш вычварныя формы. У Сянно да Дня Перамогі  вырашылі правесці раённы конкурс страў ”Рецепты Победителей“. Але вы глыбока памыляецеся, калі мяркуеце, што журы  ацэньвала кашу з тушонкай, макароны па-флоцку, кулеш ці маркоўную гарбату. Фантазія ўдзельнікаў сягнула так далёка, што прапанаваныя стравы часам  нагадвалі банкетнае меню, а не сціплую ежу з салдацкага кацялка...

Прычым іх цяжка вінаваціць у няведанні гісторыі ці, прынамсі, таго, што ў ваенных умовах палявым кухарам было не да разнасолаў. Але жахі мінулай вайны  усё часцей падмяняюць паказушным антуражам: то апранаюць дзяцей у салдацкую форму, то ладзяць ладзяць вясёлыя канцэрты на вайсковую тэматыку. То вось, як у Сянно, спекулююць  на тэме ежы, хаця вядома, што мірнае насельніцтва  Беларусі галадавала  падчас акупацыі, дый на фронце пра  халадзец,  тарталеткі з начынкай ці мясныя рулеты, прадстаўленыя на конкурсе, можна было толькі марыць...

Але на гэтым ідэаолагі ўвагі не акцэнтуюць, пераносячы акцэнты на “пераможную” тэматыку і вобразы, вядомыя з кінафільмаў: палявая кухня і спевы пад гармонік. Пры гэтым, рамантызуючы падзеі, якія насамрэч былі страшнымі і трагічнымі і адначасова заклікаючы да захавання гістарычнай памяці, адказныя структуры актыўнічаюць толькі на словах. На справе памяць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны адыходзіць на другі план. Да прыкладу, пракуратура высветліла,  што ў Віцебску  "забыліся" на імёны 7 тысяч удзельнікаў вайны, якія мусілі перадаць для фіксацыі ў сістэме дадзеных.

Яніна Малікава