Сёлета мерапрыемства “Талака Фэст" падтрымае грашыма Віцебскі аблвыканкам: праект «Сваташыцы — фестывальная вёска Дубровенскага раёна» быў прызнаны пераможцам конкурсу грамадскіх ініцыятыў. Што канкрэтна збіраюцца зрабіць за бюджэтныя срэдкі, і якую суму гатовы выдаткаваць улады – не паведамляецца. Раённая газета “Дняпроўская праўда” абмяжавалася хіба што гучнымі фразамі пра тое, што «ТалакаФэст» — гэта ўнікальнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей у духу сяброўства і адзінства” і што “Свята праводзіцца з мэтай умацавання адзінства сельскіх жыхароў, развіцця інфраструктуры аграгарадка і павышэння прэстыжу беларускай вёскі”.
Але галоўнае тут – ідэалагічны складнік, бо “мерапрыемства праводзіцца за месяц да Дня народнага адзінства і нібы дае пачатак падрыхтоўкі і правядзення гэтага дзяржаўнага свята”.
“Свята яднання «ТалакаФэст» ужо стала інструментам рэалізацыі інфармацыйна-іміджавай стратэгіі Дубровенскага раёна па развіццю вёскі”, -- піша “раёнка”.
Што ўяўляе сабой гэтае свята, мы падрабязна апісвалі яшчэ летась. З сапраўднай “талакой”, калі людзі разам будуюць дом ці збіраюць ураджай, імпрэза "Талака Фэст" не мае нічога агульнага. Замест аднаўлення народных традыцый вяскоўцаў забаўляюць ідэалагічна: у праграме, да прыкладу, "традыцыйны абрад "Вогнішчы адзінства", пра які ніколі не чулі нашы продкі. Канцэртную праграму праводзяць Сват і Свацця – бо гэтыя “тытулы” перагукаюцца з назвай аграгарадка. Яшчэ некалькі складнікаў у гэтай псеўданароднай мешаніне маюць яўны ідэалагічны змест: вітанне ўдзелбнікаў аўтапрабегу, арганізаванага РГА "Патрыёты Беларусі" і ўскладанне кветак да помніка ўдзельнікам мінулай вайны. І завяршаецца мерапрыемства "народнай дыскатэкай".
"Талака Фэст" - гэта прыдумка дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Бабічава, ураджэнца Сваташыц. Арганізацыя імпрэзаў - гэта ягоная прафесія: ён скончыў універсітэт культуры па спецыяльнасці "Рэжысура народных свят" і працаваў дырэктарам Дубровенскага раённага цэнтра культуры - пакуль не заняў пасаду старшыні абласной арганізацыі БРСМ і не пайшоў вышэй па дзяржаўнай лесвіцы.
Андрэй Хмызняк