На пачатку сустрэчы палітык прадставіў прэзентацыю пра БХД і патлумачыў, чаму, на яго думку, гэтая плынь з’яўляецца адным з ключавых «матэрыкоў» беларускай гісторыі і палітыкі.
Сваю прамову Павел Севярынец пачаў з шырокага гістарычнага кантэксту, звярнуўшыся да хрысціянскай традыцыі і сімволікі. Ён адзначыў, што вытокі беларускай дзяржаўнасці і палітычнай культуры звязаныя з хрысціянскімі каштоўнасцямі, а таксама правёў паралелі з гісторыяй Полацкага княства і традыцыямі веча.
Паводле палітыка, у часы Вялікага Княства Літоўскага гэтыя традыцыі атрымалі развіццё, а сам перыяд ён ахарактарызаваў як «залаты век» беларускай гісторыі.
Асобную ўвагу Севярынец надаў гісторыі БХД у ХХ стагоддзі, калі арганізацыя фармавалася ў Вільні ў 1919–1926 гадах. Ён распавёў пра дзейнасць беларускіх хадэкаў, якія развівалі супольнасць праз стварэнне банкаў, медыя і гаспадарак. Таксама палітык закрануў ролю хрысціянскай дэмакратыі ў ХХІ стагоддзі і выказаў перакананне, што гэта адзін з магчымых шляхоў развіцця Беларусі.
Напрыканцы выступу ён згадаў пра паспяховыя сучасныя праекты БХД і іх значэнне.
Сакратаркай віленскай суполкі БХД стала Валерыя Чарнаморцава, якая таксама выступіла перад прысутнымі. У сваёй прамове яна падкрэсліла неабходнасць працягваць барацьбу за вызваленне палітычных зняволеных, а таксама прапанавала ініцыятывы па вывучэнні літоўскай мовы па-беларуску і інтэграцыі беларусаў у літоўскае грамадства без страты нацыянальнай ідэнтычнасці. Сярод перспектыў яна назвала ідэю стварэння беларускай друкарні ў Вільні.
Падсумоўваючы вынікі сустрэчы, Павел Севярынец адзначыў, што ў Вільні сабралася неабходная паводле статута колькасць людзей для стварэння суполкі. Ён таксама паведаміў, што цягам найбліжэйшых месяцаў плануецца правядзенне аб’яднаўчага партыйнага сходу, улічваючы раскол у БХД на дзве плыні. Палітык дадаў, што перад гэтым мае намер сустрэцца з беларусамі замежжа, у тым ліку Польшчы, як толькі зможа вырашыць пытанні з дакументамі і выездам.