Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 19 Люты 2026

Міліцыя зафіксавала 58 несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, праведзеных летась на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Белпол» атрымаў унутраны міліцэйскі дакумент пра статыстыку злачыннасці, у тым ліку "экстрэмісцкай", і барацьбу з ёй у Віцебскай вобласці ў 2025 годзе. Аказалася, што ў Віцебску цягам гэтага часу былі праведзены 34 несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, у Полацку -10 , іншыя месцы не ўказаны. Апроч гэтага, былі ўстаноўлены 393 чалавекі, датычных да "экстрэмісцкіх" злачынстваў. Падобна, што значная колькасць з іх - гэта фігуранты "справы Гаюна". 

У дакуменце, атрыманым  "Белпол",  названа  колькасць удзельнікаў  леташніх  “незаконных”  мерапрыемстваў – 357 чалавек. Але з якіх амаль 300 – гэта студэнты са Шры-Ланкі, якія без дазволу беларускіх уладаў адзначалі Новы год. За кошт масавасці гэтай імпрэзы “паляцеў” паказчык колькасці парушальнікаў заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў: у 2024 годзе  такіх было на паўтары сотні менш -  204 чалавекі. Што цікава: гэтая лічба супала з колькасцю  несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, зафіксаваных пазалетась. Найверагодней, міліцыянты падлічылі пакараных за “пікетаванне ў інтэрнэце”, асуджаных за размяшчэнне ў сацсетках выяў бел-чырвона-белых сцягоў, герба Пагоня і г.д.

Віцебская міліцыя распавяла і пра “недапушчэнне радыкалізацыі экстрэмісцкай актыўнасці”. У 2024 годзе было ўстаноўлена 422 чалавекі, датычных да “экстрэмісцкіх” злачынстваў , у 2025 годзе – 393 чалавекі.

Што яшчэ адметнага ў гэтай міліцэйскай справаздачы, дзе абласная структура МУС рапартуе пра "положительную динамику по основным направлениям криминогенной обстановки"?

Паводле абласнога ўпраўлення МУС, агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў знізілася практычна на 10%. Але павялічылася колькасць цяжкіх злачынстваў: забойстваў -  на 6,3% , фактаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў са смяротным вынікам — на 37,5%, вымагальніцтваў - на 133,3%, , махлярстваў — на 3,4%. Амаль удвая вырасла колькасць карупцыйных злачынстваў, амаль у тры разы - колькасць злачынстваў у сферы АПК, пераважна звязаных з прыхоўваннем фактаў падзяжу ската. Вырасла колькасць кіберзлачынстваў і злачынстваў, здзейсненых замежнымі грамадзянамі. Было зафіксавана 7 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непоўнагадовых, найчасцей вінаватымі аказваліся работнікі сферы навучання і выхавання. Таму Віцебскаму аблвыканкаму было даручана "разработать комплекс мер, направленных на обеспечение эффективного контроля за частными лицами, реализующими образовательные функции".  

Артур Леганькоў