Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Люты 2026

У Шаркаўшчыне паставяць тры бюсты славутых землякоў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Бюсты мастака Язэпа Драздовіча, садавода-селекцыянера Івана Сікоры і Героя Савецкага Саюзу Рамана Кудрына будуць створаны аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам віцебскага скульптара Аляксандра Гвоздзікава. Ад гэтага калектыва была пададзена адзіная заяўка на конкурс, абвешчаны Шаркаўшчынскім райвыканкамам.

Паволе ўмоваў гэтага конкурса, бюсты  павінны быць выкананы “с использованием прочных и бюджетных материалов”, кошт кожнага - 15 тысяч рублёў. Бюсты павінны быць усталяванымі на круглых пастаментах вышынёй да 2 м., і на кожным пастаменце скульптар мусіў размясціць "рэльефную выяву з элементам адрознення для кожнай асобы". Аўтарскі калектыў, прызнаны пераможцам конкурса пры адсутнасці іншых удзельнікаў, вырашыў, што такімі элементамі павінны стаць галінка яблыні з яблыкамі, палітра з пэндзлямі і аўтамат. 

Усе тры бюсты плануюць устанавіць у скверы каля плошчы Леніна. 


Вядомы беларускі садоўнік-селекцыянер Іван Сікора нарадзіўся 19 верасня 1885 года ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна.У красавіку 1941 года па распараджэнні Саўнаркама ў вёсцы Малыя Алашкі Дунілавіцкага раёна Вілейскай вобласці быў арганізаваны Паўночны апорны пункт па пладова-ягадных культурах пры Беларускай плодаагародніннай даследчай станцыі. Сікора быў прызначаны загадчыкам пункта і адпрацаваў на гэтай пасадзе да 1957 года. За час працы пад кіраўніцтвам Сікоры было выпрабаванае больш за 500 гатункаў яблынь, 100 гатункаў груш, звыш 70 гатункаў сліў, 50 гатункаў маліны. Былі выведзены новыя - 2 гатункі вішні, 3 гатункі слівы, 1 гатунак ажыны, 2 гатункі суніцы і 116 гатункаў ляшчыны, некалькі гатункаў вінаграда і 54 разнавіднасці бэзу. Яго калекцыя руж у 1930-я гады была адной з найлепшых у Еўропе.

Вяршыняй селекцыйнай дзейнасці І.П. Сікоры стаў гібрыд яблыні пад нумарам 1337, які пазней назвалі "Памяць Сікоры". Яблык стаў брэндам Шаркаўшчынскага раёна, тут штогод праводзіцца рэгіянальнае свята  "Яблычны фэст".

У 1988 годзе ў вёсцы Алашкі Вялікія Шаркаўшчынскага раёна была створана ўстанова культуры «Мемарыяльны музей садоўніка-селекцыянера І.П. Сікоры».

 

Язэп Драздовіч – таленавіты жывапісец, графік, пісьменнік, настаўнік, этнограф і фалькларыст, ён нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі, што на Дзісненшчыне. Але яго лёс быў цесна звязаны з шаркаўшчынскім краем, дзе ён стварыў шэраг сваіх палотнаў і знакамітых дываноў-маляванак.

У 1917 годзе Драздовіч арганізаваў у Германавічах кааператыў "Беларус", у 1919 годзе - культурна-асветніцкае таварыства "Заранка". Акрамя таго, на пачатку 20-х галоў мінулага стагоддзя ў вёсцы Сталіца Язэп Драздовіч стварыў пачатковую школу з навучаннем на беларускай мове.

У 1991 г. у аграгарадку Германавічы адкрыта ўстанова культуры “Мастацка-этнаграфічны музей імя Я.М. Драздовіча», таксама вуліца ў населеным пункце носяць імя знакамітага земляка. Да Дня беларускага пісьменства ў 2012 годзе ўстаноўлены бюст на Алеі знакамітых землякоў у Глыбокім, а 10 кастрычніка 2018 года - Помнік (да 130-годдзя з дня нараджэння) на месцы былога хутара Пунькі (Глыбоцкі раён). Магіла Язэпа Драздовіча ў вёсцы Малыя Давыдкі (Глыбоцкі раён) у 2018 годзе прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. 

 

Раман Кудрын нарадзіўся 24 ліпеня 1916 года ў вёсцы Зарэчча цяпер Клінцоўскага раёна Бранскай вобласці. Ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны ад 17 ліпеня 1941 года. Ваяваў на Заходнім, Ленінградскім, 3-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах. Быў камандзірам батальёна,  атрымаў 4 раненні.

За паспяховае кіраўніцтва вайсковым падраздзяленнем  і выяўленыя пры гэтым адвагу і  мужнасць  капітану Кудрыну прысвоена званні Героя Савецкага Саюзу, ен узнагароджаны 5-цю баявымі ордэнамі.  

Імёны Язэпа Драздовіча і Івана Сікоры вядомыя далека за межамі Шаркаўшчынскага раёна. Але ў Шаркаўшчыне найбольш згадак усё ж такі пра Рамана Кудрына, лёс якога звязаны з рэгіёнам толькі тым, што пасля Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў  тут у райкаме партыі.  На вуліцы Энгельса ў 1994 годзе быў закладзены сквер, якому прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. Да яго 100-гадовага юбілею ў скверы на плошчы 1-га Мая ў г.п. Шаркаўшчына быў устаноўлены памятны знак. У 2021 годзе імя Рамана Кудрына прысвоена сярэдняй школе № 2 Шаркаўшчыны.

Андрэй Пятроўскі