Сяржук Доўгушаў вырашыў арганізаваць шэлтар, калі пабачыў навіны пра вызваленне снежаньскай групы палітвязняў - тады за межы Беларусі дэпартавалі 123 палітвязняў, і частка з іх выказала жаданне пераехаць у Варшаву. Для музыкі гэта быў не першы досвед падобнай працы. Чатыры гады таму мужчына заснаваў у Варшаве «Дом творцаў» для дзеячоў беларускай культуры, якім патрэбная дапамога.
У выпадку з шэлтарам яму пашчасціла, бо своечасова знайшлося памяшканне па нізкім кошце. «Гэты дом знаходзіцца ў вельмі добрым раёне Варшавы, сярод леса, арэнда каштуе няшмат. Трэба было толькі хутка прыняць рашэнне. Я запусціў збор, і за 3‑4 дні мы сабралі дастаткова, каб пакрыць першыя выдаткі, заплаціць за тры месяцы арэнды», - кажа Доўгушаў.
Грошы на праект атрымалася сабраць праз Фэйсбук, і заснавальнік дзякуе ўсім за фінансавую дапамогу. Яна вельмі прыдалася, хаця наперадзе яшчэ ёсць, над чым папрацаваць. Таму неабыякавыя людзі могуць падтрымаць новы прытулак не толькі грашыма. У шэлтэры з удзячнасцю прымуць пасцельную бялізну, сталовыя прыборы, сродкі гігіены і мыйныя сродкі, базавыя прыдукты для тых, хто знаходзіцца ў зусім кепскім матэрыяльным становішчы.
Падтрымаць збор на шэлтар можна праз:
- PayPal: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
- Revolut: https://revolut.me/dolhushau
Blik: 534487179
У доме пяць пакояў, сяліць былых палітвязняў будуць па два чалавекі. Таксама ёсць планы ладзіць у шэлтары заняткі па арт-тэрапіі — для гэтага там ёсць добрае памяшканне. Арэнда каштуе 1600 еўра на месяц, яшчэ ёсць камуналка і іншыя выдаткі. За год выходзіць недзе 24 тысячы еўра. Калі атрымаецца знайсці такую суму, гэты шэлтар будзе існаваць цэлы год.
Марына Даўгяла